2014-11-04 11:18:15

Апостальская Сталіца ў ААН пра негатыўныя бакі ўрбанізацыі


RealAudioMP3 Гарады прапануюць людзям вялікія магчымасці развіцця і дзейнасці, але, у той жа час, становяцца крыніцай розных форм карупцыі і злачыннасці, такіх, як гандаль людзьмі і наркотыкамі, распаўсюджванне наркаманіі і дыскрымінацыя ўразлівых слаёў насельніцтва. На гэты парадокс звярнуў увагу пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, арцыбіскуп Бернардзіта Ауса. Ён выступіў на канферэнцыі, арганізаванай у Нью-Ёрку Эканамічным і Сацыяльным Саветам ААН. Прычынай яго склікання стала святкаванне Сусветнага дня горада.

Урбанізацыя свету і паскарэнне працэсу разрастання гарадоў прывялі да з’яўлення новых праблем. Яны датычаць не толькі эканамічнага і палітычнага развіцця, але, перш за ўсё, сацыяльнага, культурнага, фізічнага, духоўнага дабрабыту і прагрэсу іх жыхароў, выказаў меркаванне ватыканскі дыпламат. Часта гарадскія паркі або іншыя важныя грамадскія месцы становяцца проста небяспечнымі. Ствараюцца асобныя кварталы або анклавы, накіраваныя на ізаляцыю пэўных груп ад грамадства, замест аб’яднання і інтэграцыі. “Гарады набліжаюць нас фізічна і эканамічна, але і паскараюць сацыяльную, культурную, рэлігійную і эканамічную ізаляцыю і сегрэгацыю”, - сказаў іерарх.

Адной з галоўных прычын росту буйных гарадоў з’яўляецца міграцыя, звярнуў увагу арцыбіскуп Ауса. У асноўным, гэта ўнутраная міграцыя з сельскай мясцовасці – з’ява, якая прыводзіць да паўстання велізарных плошчаў трушчоб і раёнаў беззаконня. Акрамя таго, міжнародная міграцыя ў многіх выпадках прыводзіць да стварэння гета, якія ніякім чынам не спрыяюць сацыяльнай інтэграцыі. Адсюль патрэба ў супрацоўніцтве і салідарнасці, каб дапамагчы людзям, што паходзяць з розных сацыяльна-эканамічных, этнічных, расавых і рэлігійных умоў, у іх інтэграцыі і адаптацыі на новага месца. Іерарах адзначыў, што Святы Пасад і Каталіцкі Касцёл будуць надалей садзейнічаць інтэграцыі і сацыяльнай згуртаванасці ў такіх месцах, як школы, касцёлы і культурныя цэнтры.







All the contents on this site are copyrighted ©.