2014-11-03 10:27:56

Ватыканскі дыпламат выступіў у ААН супраць смяротнага пакарання і пажыццёвага зняволення


RealAudioMP3 На неабходнасць умацавання двух асноўных правоў чалавека: на жыццё ад зачацця да натуральнай смерці і свабоду рэлігіі, звярнуў увагу на форуме Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры гэтай арганізацыі арцыбіскуп Бернардзіта Ауса. Цяперашняя сітуацыя ў свеце патрабуе ўмацавання сістэмы абароны правоў чалавека, каб на самой справе можна было імі карыстацца, заявіў ён.

Кажучы аб першым праве, ватыканскі дыпламат згадаў у якасці прыкладу становішча зняволеных. Ён прывёў шырокія вытрымкі з нядаўняга звароту Папы да Міжнароднай асацыяцыі крымінальнага права, нагадваючы асабліва словы, якімі Францішак асудзіў смяротнае пакаранне і пажыццёвае пазбаўленне волі, што з’яўляецца схаванай формай смяротнага пакарання. Ён заклікаў да паляпшэння ўмоў жыцця ў турмах і асудзіў доўгатэрміновае ўтрыманне пад вартай без суда.

Спасылаючыся на свабоду рэлігіі, арцыбіскуп адзначыў, што ў некаторых рэгіёнах свету яна ўсё часцей і радыкальней парушаецца. Часам яе абмяжоўваюць дзяржаўныя ўлады. Існуе таксама дыскрымінацыя ў грамадстве. Арцыбіскуп Ауса нагадаў, што ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека з 1948 г. і ў іншых міжнародных дакументах рэлігійная свабода не абмяжоўваецца толькі да прыватнай сферы, але таксама ўключае ў сябе свабоду практыкавання веры, у тым ліку і ў супольнасці, а таксама магчымасць змены рэлігіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.