2014-10-30 13:17:18

Пантыфік сустрэўся са старакаталіцкімі епіскапамі


RealAudioMP3 30 кастрычніка 2014 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Канферэнцыі старакаталіцкіх епіскапаў Утрэхцкай уніі – кіраўнічага органа аб’яднання незалежных нацыянальных старакаталіцкіх Цэркваў. Звяртаючыся да іерархаў, Святы Айцец адзначыў важнасць працягу экуменічнага дыялогу, узаемнага прабачэння і супрацоўніцтва на карысць распаўсюджвання веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў "у разгубленнай Еўропе". Пантыфік падкрэсліў, што нягледзячы на крокі ў накірунку адзінства, паміж Касцёлам і Цэрквамі ўзнікаюць усё новыя рознагалосіі. “Эклезіялагічныя і тэалагічныя пытанні, якія спадарожнічалі нашаму падзелу сёння яшчэ складаней пераадоліць па прычыне нашай ўсё большай аддалёнасці ў тэмах, якія тычацца служэння і этычнай праніклівасці”, - сказаў Папа.

На думку Францішка, выклікі для католікаў і старакатолікаў тычацца працягу тэалагічнага дыялогу, супольнай малітвы і працы ў духу навяртання да ўсяго таго, што Хрыстус жадае для свайго Касцёла. “У нашым падзеле, з абодвух бакоў, былі цяжкія грахі і чалавечыя слабасці. У духу ўзаемнага прабачэння і пакорнага пакаяння, зараз мы маем патрэбу ва ўмацаванні нашага жадання прымірэння і супакою. Шлях да адзінства пачынаецца з перамены сэрца, з унутранага навяртання. Гэта духоўнае падарожжа ад сустрэчы да сяброўства, ад сяброўства да братэрства, ад братэрства да адзінства. На шляху, перамена – непазбежная. Мы павінны быць заўсёды гатовымі слухаць і выконваць парады Духа, які нас вядзе да поўнай праўды”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што католікі і старакатолікі могуць супрацоўнічаць паміж сабой, спрабуючы разам адказаць на глыбокі духоўны крызіс, які ўдарае па асобам і грамадствам.
“Існуе прага Бога. Існуе глыбокае жаданне пазнаць сэнс жыцця. Існуе тэрміновая патрэба ў пераканаўчым сведчанні праўды і каштоўнасцяў Евангелля. У гэтым мы можам падтрымліваць і натхняць адно аднаго, асабліва на ўзроўні парафій і мясцовых супольнасцяў. Душа экуменізму заключаецца ў “навяртанні сэрца” і “жыццёвай святасці, разам з асабістай і публічнай малітвай аб еднасці хрысціян”. Молячыся адно за аднаго і адно з адным, нашы адметнасці будуць узняты і пераадолены ў вернасці Пану і Яго Евангеллю”, - сказаў Папа.

У склад Утрэхцкай уніі старакаталіцкіх Цэркваў уваходзяць Хрысціянска-каталіцкай Царква Швейцарыі, Польска-каталіцкая Царква, Аўстрыйская, Галандская, Германская і Чэшская старакаталіцкія Цэрквы. Асацыяцыя была створана ў 1889 г., часткай каталіцкага духавенства непрыняўшага рашэнняў І Ватыканскага Сабора.








All the contents on this site are copyrighted ©.