2014-10-28 12:12:52

Францішак: не стаяць пры дзвярах Касцёла, а быць яго “грамадзянамі”


RealAudioMP3 Езус, ствараючы Касцёл, глядзіць не на грэх чалавека, але на яго сэрца, якое жадае аздаравіць, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 28 кастрычніка 2014 г. Каментуючы тэксты літургічных чытанняў пра заснаванне Касцёла праз пакліканне першых апосталаў, Святы Айцец звярнуў увагу на дзейнасць Езуса, якая папярэднічала стварэнню хрысціянскай супольнасці: напачатку Хрыстус маліўся, затым выбраў дваннаццаць вучняў і потым адправіўся аздараўляць людзей. Паводле слоў Францішка, Езус жадае бачыць людзей унутры Касцёла, не ў якасці гасцей ці чужынцаў, але ў якасці “грамадзян з усімі правамі”. Ён заклікаў не глядзець на Касцёл толькі звонку – не быць хрысціянамі, якія стаяць пры дзвярах, не ідуць далей "прахадной" Касцёла і адтуль захапляюцца ўбачанным. “Мы з’яўляемся грамадзянамі, суграмадзянамі гэтага Касцёла”, адзначыў Папа.

Асаблівую ўвагу Францішак звярнуў на тое, што Касцёл адкрыты для ўсіх. Нават у яго фундаменце былі грэшнікі: ўсе да аднаго, а не толькі Юда. “Не ведаю, нават, хто з іх быў большым грэшнікам... Юда, небарака, быў тым, хто закрыўся на любоў і таму стаў здраднікам. Але, у складаны момант Мукі, яны ўсе ўцяклі і пакінулі Езуса. Усе былі грэшнікамі, але Ён іх выбраў”, сказаў Папа.

Каментуючы прызначэнне св. Пятра кіраўніком Касцёла, Францішак заўважыў, што Хрыстус глядзеў на яго сэрца, а не на грэх, але адначасова маліўся аб яго аздараўленні. “Езус моліцца і аздараўляе, таксама кожнага з нас. Мы не можам зразумець Касцёла, без Езуса, які моліцца і аздараўляе”, - сказаў Пантыфік і заклікаў вернікаў прасіць Святога Духа аб ласцы разумення гэтай праўды.








All the contents on this site are copyrighted ©.