2014-10-21 11:32:11

Кардынал Свёнтэк – ікона Каталіцкага Касцёла ў Беларусі


RealAudioMP3 “Іконай Каталіцкага Касцёла ў Беларусі” назваў кардынала Казіміра Свёнтэка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 21 кастрычніка 2014 г. адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння памерлага 21 ліпеня 2011 г. іерарха. На сваім жыццёвым шляху ён прайшоў пераслед, двухмесячнае прабыванне ў камеры “смяротнікаў” у Брэсце, гады вайны, сталінскія лагеры, быў душпастырам у часы камуністычнай дыктатуры і стаў сімвалам адраджэння Касцёла ў Беларусі. Ён меў 80 гадоў, калі Ян Павел ІІ зрабіў яго кардыналам, а праз дзесяць гадоў, Пантыфік асабіста ўручыў беларускаму іерарху прэмію “Fidei testis” (“Сведак веры”)”.

Арцыбіскуп Кандрусевіч перакананы, што ў жыцці кардынала Свётэка быў адзіны прынцып – Божая воля. “Гэта чалавек, які ў сваім жыцці зведаў шмат, прайшоў праз многія выпрабаванні, але заставаўся заўсёды верным Богу. Я не забудуся яго аповед аб тым дні, калі яго выпускалі з ГУЛАГу. Ён яшчэ не ведаў, што яго звольняць і прыйшоў да афіцэра, які ў яго спытаўся як пасля такіх выпрабаванняў ён застаўся жывы. А Свёнтэк яму адказаў: “гэтага хацеў Бог”. І гэта быў прынцып яго жыцця. Бог хацеў, каб ён стаў першым Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, першым кардыналам, каб ён адраджаў Касцёл. Мы хочам падзякаваць Богу за гэтага чалавека, якога я не баюся назваць іконай Каталіцкага Касцёла ў Беларусі”, - сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

“Савецкі Саюз у гады Сталіна быў нічым іншым як вялікім ГУЛАГам, бясконцым плотам з калючага дроту. Я меў толькі некалькі месяцаў нармальнага святарскага жыцця, аб якім пішуць у падручніках па пастаральнай тэалогіі”, - успамінаў кардынал Свёнтэк у сваім інтэрв’ю для “L’Osservatore Romano”.

Іерарх адышоў у вечнасць, але заставіў пасля сябе спадчыну – сваіх нашчадкаў – святароў і біскупаў, якіх навучыў не баяцца адкрыцца на Божую волю. “Ён вучыў нас – малодшых святароў – і тых людзей, да якіх яго паслаў Бог не баяцца адкрыцца на Божы Провід, не баяцца адчыніць дзверы Езусу Хрысту. Ён вычыў нас быць апосталамі там, куды пасылае нас Бог. Ён сам быў апосталам у парафіі, у лагеры. А калі стаў наступнікам апосталаў – біскупам – яшчэ больш праявіліся яго апостальскія здольнасці”, - сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Кардынал Свёнтэк –знакавая фігура для Беларусі. Ён заўсёды ўмеў знайсці неабходныя словы і аб’яднаць вакол сябе зусім розных людзей. Нягледзячы на свой узрост, ён змог да канца захаваць маладосць і сілу духа. Такім яго памятае Каталіцкі Касцёл у Беларусі.







All the contents on this site are copyrighted ©.