2014-10-19 11:24:02

Францішак звярнуўся да ўдзельнікаў Сінода з заключнай прамовай


RealAudioMP3 На заканчэнне ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, 18 кастрычніка 2014 г., Святы Айцец звярнуўся да ўдзельнікаў ватыканскай асамблеі з заключнай прамовай. У ёй Папа падзякаваў сінадальным айцам за актыўны ўдзел у форуме і звярнуў увагу на некаторыя яго аспекты. У першую чаргу Францішак падкрэсліў, што Сінод з’яўляецца “супольным шляхам” і як на кожным чалавечым шляху, на ім даводзіцца сустракацца з некаторымі спакусамі. Першая з іх – “варожае здранцвенне”: спакуса закрыцца ўнутры “напісанага” і не дазволіць Богу здзіўляць сябе. З часоў Езуса, гэта спакуса, тых каго сёння называюць “трыдыцыяналістамі”, лічыць Папа. Другую спакусу, ён назваў “дэструктыўным дабрадзействам”. Яна ўласціва так званым “прагрэсістам і лібералам”, якія ў імя фальшывай міласэрнасці перавязваюць раны, перш чым іх апрацаваць і палячыць – працуюць з сімптомамі, а не прычынамі і вытокамі. Наступная спакуса – гэта жаданне “перамяніць камяні ў хлябы”, каб перарваць доўгі, цяжкі і сумны пост, а таксама “перамяніць хлеб у камяні” і кідаць іх грэшнікам, слабым і хворым, робячы “нязносным цяжарам”. Святы Айцец казаў таксама пра спакусу сыходу з крыжа, з мэтай задавальнення натоўпу, замест таго, каб да канца споўніць волю Айца. Папа нагадаў пра спакусу схаваць “скарб веры” – лічыць сябе яго ўладальнікамі і гаспадарамі, а не распарадчыкамі.

Спакусы не павінна палохаць і ўводзіць у роспач, таму што ніводзін вучань не з’яўляецца большым за настаўніка і сам Езус быў вымушаны сустракацца з імі, сказаў Пантыфік. Папа прызнаўся, што быў бы засмучаны, калі б на Сінодзе не было жывых і вострых дыскусій. “Але я бачыў і чуў – з радасцю і ўдзячнасцю – прамовы і выступленні поўныя веры, пастырскага і дактрынальнага запалу, мудрасці, шчырасці, адвагі і поўнай адкрытасці”, - сказаў ён. Сінод ніколі не ставіў пад пытанне “фундаментальныя праўды сакрамэнту сужэнства: аб непарыўнасці, адзінстве, вернасці, пракрэацыі, гэта значыць адкрытасці на жыццё”, падкрэсліў Пантыфік.

Сінод, на яго думку, паказаў якім з’яўляецца Касцёл: ён “не баіцца закатаць рукавы і паліваць алеем і віном раны людзей”; “не глядзіць на чалавецтва са шклянога замку, асуджаючы і класіфікуючы асобы”; складаецца з грэшнікаў, патрабуючых Божай міласэрнасці; з’яўляецца “сапраўднай нявестай Хрыста, якая намагаецца быць вернай свайму Жаніху і Яго навучанню”; не баіцца есці і піць з рапсусніцамі і мытнікамі”; “мае адкрытыя дзверы, каб прымаць патрабуючых, тых хто пакаяўся, а не толькі справядлівых, якія думаюць, што з’яўляюцца дасканалымі”. “Касцёл не саромецца упаўшага брата і не робіць выгляд нібыта яго не бачыць”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца многія каментатары ўяўлялі сябе Касцёл у спрэчках, у якім адна частка – супраць другой, забываючы, што яго вядзе Святы Дух – сапраўдны гарант адзінства і гармоніі. Папа нагадаў пра абавязак пастыраў насычаць давераны ім статак, шукаць і знаходзіць – па бацькоўску і з міласэрнасцю, без фальшывых страхаў – згубленых авечак.

На заканчэнне прамовы Францішак адзначыў, што наперадзе сінадальных айцоў чакае цэлы год разважання над прапанаванымі на Сінодзе ідэямі і пошук канкрэтных рашэнняў шматлікіх цяжкасцяў і выклікаў, якія стаяць перад сем’ямі.








All the contents on this site are copyrighted ©.