2014-10-18 11:19:22

Падрабязнасці беатыфікацыі Паўла VI


RealAudioMP3 Падчас цырымоніі беатыфікацыі Паўла VI, у якасці рэліквіі будзе выкарыстана футболка са слядамі крыві Пантыфіка – напамін аб замаху, які быў здзейснены на яго ў 1970 г. Інцыдэнт адбыўся ў міжнародным аэрапорце Манілы, дзе на Папу накінуўся з нажом псіхічна хворы чалавек. Забойству перашкодзіў прысутны побач са Святым Айцом амерыканскі кардынал літоўскага паходжання Пол Марцынкус, які здолеў адвесці руку злачынцы. Акрываўленая футболка Паўла VI будзе прадстаўлена папе Францішку ў спецыяльным рэліквіярыі. Пасля цырымоніі ў Ватыкане яна вернецца ў катэдральны касцёл італьянскай Брэшыі, дзе захоўваецца пастаянна.

Падрабязнасцямі беатыфікацыі Паўла VI падзяліўся падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі пастулятар беатыфікацыйнага працэсу а. Антоніа Мараца. Святар распавёў, што падчас цырымоніі на фасадзе базылікі св. Пятра будзе размешчаны габелен у аснове стварэння якога выкарыстаны фотаздымак Папы, зроблены яго асабістым фатографам Пэпі Мерызіа. На выяве Святы Айцец стаіць з узнятымі і распрасцёртымі рукамі, на фоне брукаванай дарогі. Ідэя ў тым, каб паказаць, што Павел VI быў Пантыфікам, які вёў Касцёл дарогамі свету, абвяшчаючы веру, зразумелай кожнаму чалавеку мовай. Распрасцёртыя рукі Святога Айца, паводле пастулятара беатыфікацыйнага працэсу, заклікаюць да адкрытасці і дыялогу.

Гаворачы пра цуд, дзякуючы якому стала магчымай беатыфікацыя Паўла VI, а. Антоніа Мараца адзначыў, што гаворка ідзе пра аздараўленне дзіцяці, якое знаходзілася ва ўлонні маці і не магло нарадзіцца з прычыны сур’ёзнай несфармаванасці. Тым не менш, дзякуючы гарачай малітве бацькоў, некаторых законніц і амерыканскіх медыкаў дзіця нарадзілася цалкам здаровым. Яго бацькі пажадалі застацца невядомымі для грамадскасці і таму пра іх не будзе распаўсюджвацца ніякай інфармацыі, паведаміў пастулятар.

Літургічны ўспамін бл. Паўла VI, згодна з жаданнем папы Францішка, будзе адзначацца 29 мая – у дзень калі Джавані Манціні, будучы Пантыфік, атрымаў святарскае пасвячэнне.







All the contents on this site are copyrighted ©.