2014-10-17 11:56:43

Сінадальныя айцы: важна вылучыць станоўчае пасланне Евангелля сям’і


RealAudioMP3 У выніку працы ў малых групах удзельнікі ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў зрабілі важныя прапановы, якія, на іх думку, павінны быць улічаны пры распрацоўцы выніковага дакумента асамблеі. Паводле сінадальных айцоў, неабходна асаблівым чынам падкрэсліць станоўчае пасланне Евангелля сям’і, не засяроджваючыся толькі на сітуацыях сем’яў, якія знаходзяцца ў крызісе. Сужэнства, як сакрамэнт і непарыўны саюз паміж мужчынам і жанчынай, з’яўляецца каштоўнасцю, якая застаецца вельмі актуальнай і якой давяраюць шматлікія пары – гэта пасланне павінна вылучацца, палічылі ўдзельнікі форума. Адзначалася, што ў выніковы дакумент абавязкова павінны быць уключаны некаторыя іншыя тэмы – напрыклад звязаныя з пытаннем усынаўлення дзяцей і патрэбай спрашчэння бюракратычных працэдураў з ім звязаных.

Падчас дыскусій у малых групах звярталася ўвага на неабходнасць павелічэння ўвагі да прысутнасці пажылых людзей у сямейным асяродзі; на сітуацыю сем’яў, якія жывуць ва ўмовах крайняй беднасці. Асуджалася прастытуцыя, прыктыка калечання жаночых геніталій, злоўжыванне працай непаўналетніх і іх сексуальнае выкарыстанне. Важна падкрэсліць фундаментальную ролю сем’яў у евангелізацыі і перадачы веры, адзначалася ўдзельнікамі малых груп.

Гаворачы пра складаныя сямейныя сітуацыі, сінадальныя айцы падкрэслівалі, што Касцёл павінен быць адкрытым домам для ўсіх, у якім ніхто не павінен адчуваць сябе адрынутым. У той жа час, пажаданай з’яўляецца большая яснасць у выкарыстанні мовы Касцёла: напрыклад, адносна закона аб градацыі, каб ён не стаў градацыяй закона, казалася падчас дыскусій у малых групах.

Адносна пытання аб прыняцці св. Камуніі разведзенымі, якія жывуць у несакрамэнтальных саюзах, былі прадстаўлены два пункты гледжання: першы – навучанне Касцёла ў дадзеным пытанні не павінна змяняцца; другі – у некаторых сітуацыях і пры асаблівых умовах, такая магчымасць не павінна выключацца. Выказвалася меркаванне аб неабходнасці разгляду асаблівых выпадкаў спецыяльнай міждысцыплінарнай камісіяй. Сінадальныя айцы, заклікалі таксама звярнуць большую ўвагу на гераічнае сведчанне разведзеных асоб, якія не ўступілі ў паўторныя саюзы.

Удзельнікі Сінода Біскупаў пажадалі падкрэсліць, што выніковы дакумент ІІІ Надзвычайнай сесіі, стане падрыхтоўчым дакументам Звычайнай сесіі Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніку 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.