2014-10-16 12:27:55

Папа заклікаў католікаў прымаць меры супраць голада


RealAudioMP3 “Я быў галодны, і вы накармілі мяне. Гэтыя словы нашага Пана гавораць аб тым, што мы не павінны адварочвацца і быць абыякавымі, калі ведаем, што наш сусед галадае”, – адзначыў папа Францішак у пасланні да ўдзельнікаў ініцыятывы каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Caritas Internationalis” у абарону галадаючых. Мерапрыемствы праходзяць ва ўсім свеце з нагоды Сусветнага дня харчавання, які адзначаецца 16 кастрычніка. У рамках акцыі каталіцкія парафіі ў афрыканскім Джыбуці збіраюць ежу для беспрытульных вулічных дзяцей. Удзельнікі кампаніі у Канадзе спрабуюць дапамагчы дробным фермерам прадаваць сваю прадукцыю праз месныя крамы. Аддзяленне дабрачыннай арганізацыі ў Японіі заклікае людзей ашчадней ставіцца да ежы, не выкідаць яе ў смецце, а таксама збірае грошы на закупку насення для сялян Усходняй Афрыцы. Мерапрыемствы праходзяць таксама ў Францыі, Гандурасе, Калумбіі, Чэхіі, Панаме, Славеніі, Малаві і іншых краінах свету.

Па даным Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО), ад голаду пакутуе каля 805 мільёнаў чалавек ці кожны дзявяты жыхар планеты. У субсахарыяльнай Афрыцы хранічна галадае кожны чацвёрты чалавек, але большасць галадаючых – 526 мільёнаў – жыве ў самым густанаселеным рэгіёне свету – Азіі.

Сусветны дзень харчавання – 2014 прысвечаны тэме сямейных фермерскіх гаспадарак і пакліканы прыцягнуць ўвагу сусветнай грамадскасці да іх важнай ролі ў зніжэнні маштабаў голаду і галечы, павышэнні ўзроўню харчовай бяспекі і дабрабыту насельніцтва, ахове навакольнага асяроддзя і дасягненні ўстойлівага развіцця сельскіх раёнаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.