2014-10-14 14:26:49

Удзельнікі біскупскай асамблеі крытычна пра паслядэбатную справаздачу


RealAudioMP3 Прадстаўленая 13 кастрычніка 2014 г. паслядэбатная справаздача (Relatio post disceptationem), хоць мае на мэце толькі падсумаванне вынікаў абмеркаванняў у рамках першага тыдня працы Сінода Біскупаў, падтрымлівае погляды, якія не прымаюць многія з сінадальных айцоў, - заявіў у інтэрв’ю “The Catholic World Report” кардынал Рэйманд Лео Бёрк. Учора падчас ІІІ Надзвычайнай сесіі Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў 41 айцец выказаўся на тэму прадстаўленага дакумента. Прэфект Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры, як і прэфект Кангрэгацыі Веравучэння кардынал Герхард Людвіг Мюлер, выказаў шкадаванне, што выказванні асобных удзельнікаў асамблеі не публікуюцца адкрыта, як гэта было ў мінулым.

“Гэты дакумент пазбаўлены трывалага падмурку ў Святым Пісанні і дактрыне Касцёла”, - сказаў кардынал Бёрк. Адносна справы, у якой Касцёл мае вельмі багатае і яснае вучэнне, ствараецца ўражанне вынаходніцтва нечага зусім новага ў навучанні аб сужэнстве і сям’і, заявіў ватыканскі іерарх. Ён узгадаў, напрыклад, правіла класіфікацыі. На думку амерыканскага кардынала, можна спадзявацца, што Святы Айцец пацвердзіць веру і практыку ў дачыненні да сужэнства і сям’і, якая з’яўляецца першай ячэйкай жыцця Касцёла.

Не задаволены справаздачай і арцыбіскуп Рыжскі Збігнеў Станкевіч. Існуе небяспека “танчыць пад музыку гэтага свету” і паддацца ціску лаіцкіх асяроддзяў, лічыць ён. У латышскага іерарха, аднак, склалася ўражанне, што пераважная большасць біскупаў “думае здарова” і не мае намеру паддацца гэтаму ціску. Ён адзначыў, што сённяшняму свету патрэбна не “падробка” Евангелля, але евангельякая праўда. А калі гэта будзе нешта “разбаўленае”, на жаль, спачатку нам будуць апладыраваць, а потым нікому гэта не будзе патрэбна, сказаў арцыбіскуп Станкевіч.







All the contents on this site are copyrighted ©.