2014-10-11 10:46:24

На Сінодзе размаўлялі пра “бяспечныя аборты”, кантрацэпцыю і “рэпрадукцыйнае здароўе”


RealAudioMP3 10 кастрычніка 2014 г. у другой палове дня ў ватыканскай сінадальнай зале было адзначана, што важным элементам сям’і з’яўляецца служэнне чалавечаму жыццю. Прагучаў заклік да вернікаў аб вывучэнні энцыклікі папы Паўла VI “Humanae Vitae”. Гэта, на думку ўдзельнікаў Сінода аб сям’і, дасць магчымасць лепш зразумець выкарыстанне натуральных метадаў рэгулявання нараджальнасці і адмовіцца ад кантрацэпцыі. З’яднанне і пракрэацыя з’яўляюцца непадзельнымі аспектамі сужэнскага акту, адзначылі яны. Прагучала рашучае непрыняцце генетычных маніпуляцый і крыакансервацыі эмбрыёнаў. Сінадальныя айцы неаднаразова падкрэслівалі інаванне ціску з боку некаторых краін або міжнародных арганізацый, асабліва ў кантэксце Афрыкі, каб некаторыя канцэпцыі, у тым ліку аборты і гомасексуальныя саюзы, прызнаць у якасці “правоў чалавека” і звязаць гэта з матэрыяльнай дапамогай.

Было таксама адзначана, што такія выразы, як “права на сексуальнае і рэпрадукцыйнае здароўе” не маюць дакладнага вызначэння ў міжнародным праве. На самой справе ў гэтых паняццях утрымліваюцца супярэчлівыя элементы: з аднаго боку, рашучае асуджэнне прымусовых абортаў і заахвота да аховы мацярынства, з іншага, прапаганда так званых “бяспечных абортаў” і рэклама кантрацэпцыі. Хоць гэта ўсё не мае законнай сілы, пашырэнне такіх ідэй з’ява небяспечная, таму што можа паўплываць на інтэрпрэтацыю іншых норм, у прыватнасці, па барацьбе з дыскрымінацыяй у адносінах да жанчын, было падкрэслена на Сінодзе.

Іншай тэмай на асамблеі стала праблема міграцыі. Прагучаў зварот да асобных дзяржаў, каб яны спрыялі ўз’яднанню сем’яў, тым больш, што гэта значна спросціць інтэграцыю ў новым грамадстве.

Падчас вольнага абмену думкамі 10 кастрычніка паміж 18.00 і 19.00 гучалі асаблівым чынам тры тэмы. Была размова пра неабходнасць павагі да разведзеных, якія жывуць у паўторных саюзах, у тым ліку патрэба шляху пакаяння, які б суправаджаўся разважаннем пра разведзеных, што засталіся адзінокімі, часта пакутуючымі моўчкі на задворках грамадскага жыцця.

Была падкрэслена неабходнасць абароны дзяцей у разведзеных сем’ях, у тым ліку іх скарэйшае вызваленне ад псіхалагічных наступстваў разводу бацькоў. У гэтым кантэксце прагучала думка, што адпаведны дышпастырскі падыход да такіх падлеткаў часта можа наблізіць іх бацькоў да Касцёла. Акрамя таго, падчас дыскусіі было сказана пра важнасць адносін паміж сям’ёй і выхаваннем дзяцей, з улікам права бацькоў на выбар адпаведнай адукацыі для сваіх дзяцей.







All the contents on this site are copyrighted ©.