2014-10-10 15:43:14

Сінадальныя айцы скіравалі пасланне да сем’яў у канфліктных рэгіёнах


RealAudioMP3 Сваю салідарнасць і духоўную блізкасць з сем’ямі, якія пакутуюць ад канфліктаў, што трываюць у розных кутках свету, выказалі ўдзельнікі ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў 10 кастрычніка 2014 г. “Асаблівым чынам узносім да Пана нашу малітву за іракскія і сірыйскія сем’і, вымушаныя з прычыны сваёй хрысціянскай веры або прыналежнасці да іншых этнічных ці рэлігійных супольнасцяў пакінуць усё і ўцякаць у накірунку будучыні без гарантый”, гаворыцца ў спецыяльным пасланні, скіраваным сінадальнымі айцамі. Удзельнікі ватыканскай асамблеі нагадалі словы папы Францішка пра тое, што “ніхто не можа выкарыстоўваць сілу ў імя Бога для здзяйснення насілля” і што “забойствы ў імя Бога – гэта вялікае блюзнерства”.

“Скіроўваючы падзяку да міжнародных арганізацый і краін за іх салідарнасць, заклікаем усіх людзей добрай волі аказаць неабходную падтрымку і дапамогу нявінным ахвярам трываючых варварстваў, і, у той жа час, просім міжнародную супольнасць прыкласці намаганні для рэстабілізацыі мірнага суіснавання ў Іраку, Сірыі і на ўсім Блізкім Усходзе”, - заклікалі ўдзельнікі Сінода. Яны выказалі салідарнасць таксама з сем’ямі, якія сустракаюцца з насіллем у іншых частках свету. “Хочам запэўніць іх у сваёй пастаяннай малітве, каб міласэрны Пан навярнуў сэрцы і адарыў мірам і стабільнасцю людзей, падвергнутых выпрабаванням”, - гаворыцца ў пасланні.

Удзельнікі Сінода пажадалі, каб Святая Сям’я з Назарэту, якая перажыла “балючы шлях выгнання”, учыніла з кожнай сям’і “супольнасць любові і згоды”, крыніцу надзеі для ўсяго свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.