2014-10-10 13:05:38

Ватыканскі кардынал за больш строгую падрыхтоўку да сужэнства


RealAudioMP3 Праз большую ўвагу да падрыхтоўкі да сужэнства можна прадухіліць цяжкасці і пакуты вялікай колькасці людзей, лічыць кардынал Джузэпэ Версальдзі, старшыня Прэфектуры па эканамічных пытаннях Апостальскай Сталіцы. Касцёл не можа ўмешвацца постфактум і прызнаваць несапраўднымі тыя сужэнствы, якія такімі не з’яўляюцца, падкрэсліў італьянскі пурпурат у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. На яго думку, “трэба быць больш строгімі напачатку, нават, калі крыху паменшыцца колькасць заключаных сужэнстваў, дзеля таго, каб асобы былі больш дасведчанымі”.

Гаворка ідзе не пра тое, каб казаць “не” непадрыхтаваным да сужэнства асобам, але каб указаць ім шлях – прапанаваць стаць на яго, сказаў іерарх. На думку кардынала Версальдзі, калі своечасова не займацца адпаведнай падрыхтоўкай пар, то Касцёл ператворыцца з “палявога шпіталя” у “морг”, дзе здзяйсняюць “ускрыццё памерлых сужэнстваў”.

Гаворачы пра сітуацыю сужэнскіх пар, якія заключаюць саюз у Касцёле, але застаюцца без духоўнага суправаджэння, кардынал Версальдзі нагадаў пра ролю парафій, якія павінны быць “сям’ямі сем’яў”.








All the contents on this site are copyrighted ©.