2014-10-09 14:16:48

Заснаванне Сінода Біскупаў – вялікая заслуга Паўла VI


RealAudioMP3 Тое, што беатыфікацыя Паўла VI адбудзецца ў дзень заканчэння Сінода Біскупаў – вельмі знакава, лічыць кіраўнік Інстытута імя Паўла VI кс. Анжэла Мафэіс. Сінод Біскупаў – інстытут, у якім Папа бачыў “працяг той салідарнасці, таго абмену думкамі і досведам, што панавалі падчас II Ватыканскага Сабора і якія павінны выйсці на вуліцы, увайсці ў звычайнае, штодзённае жыццё Касцела”, перакананы ён. Па словах святара, найбольшай заслугай Пантыфіка з’яўляецца тое, што ён працягнуў і завяршыў II Ватыканскі Cабор, распачаты папам Янам XXIII. Павел VI кіраваў падрыхтоўкай дакументаў гэтай асамблеі, імкнуўся стварыць умовы для таго, каб саборныя айцы свабодна выказвалі свае думкі, але разам з тым маглі дасягнуць маральнай аднадушнасці і згоды адносна важных пытанняў і дакументаў.

Паводле кс. Мафэіса, Павел VI добра вядомы як чалавек вялікага інтэлекту і вялікай культуры, але яго духоўнасць менш знаёмая людзям. Ён належаў да той катэгорыі асоб, якія па прычыне сціпласці не раскрываюць свой душэўны стан, не паказваюць тое, што ляжыць на сэрцы. Сапраўднае духоўнае значэнне Паўла VI выявілася толькі пасля яго смерці праз апублікаванне прыватных запісаў, у якіх адчуваюцца вялікая чысціня, духоўнасць, намаганне зразумець сваю ролю і час, у якім ён жыў. Папа Францішак лічыць энцыкліку Паўла VI “Evangelii Nuntiandi” найбольш важным дакументам на тэму пастырскага служэння, які існуе ў Касцеле, нагадаў кіраўнік інстытута напярэдадні беатыфікацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.