2014-10-07 12:28:50

Сінадальныя Айцы пра адметнасці бягучай асамблеі


RealAudioMP3 Пра адметнасці бягучага Сіноду Біскупаў ішла гаворка на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Ватыкане 6 кастрычніка 2014 г. Яна была прымеркавана да адкрыцця асамблеі. Галоўны рэлятар Сінода, венгерскі кардынал Пэтэр Эрдо, звярнуў увагу на спрашчэнне некаторых сінадальных працэдур. Да момантаў, звязаных са зменай у парадку выступлення сінадальных айцоў, ён дадаў “моўныя новаўвядзенні”. “Мы больш не выкарыстоўваем латынь у якасці афіцыйнай мовы”, - прызнаўся ён і дадаў, што гэта значна палегчыла працу.
Біскуп Бруна Фортэ, які таксама ўдзельнічаў у прэс-канферэнцыі, заўважыў, што прысутнасць свабоднай дыскусіі падчас асамблеі не з’яўляецца нейкім “харэаграфічным дадаткам” – “гэта сапраўды момант адкрытага абмеркавання” і свабоды слова. Італьянскі іерарх звярнуў увагу, што менавіта такі падыход быў асноўным пажаданнем папы Францішка, які “цвёрда верыць у каштоўнасць калегіяльнасці”. Менавіта Пантыфік неаднаразова заклікаў сінадальных айцоў да “праўдзівага” прадстаўлення свайго меркавання аб праблемах, якімі жывуць людзі.

Біскуп Фортэ адзначыў, што вучэнне Касцёла “само па сабе не мае абстрактнага значэння”, яно з’яўляецца “пасланнем збаўлення”. У аснове дактрыны ляжыць Божая любоў і міласэрнасць. Мэта Сінода Біскупаў, на яго думку, гаварыць пра нязменную веру Касцёла, гледзячы на рэальных людзей. Прычым, рабіць гэта з пазіцыі не асуджэння, але любові і міласэрнасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.