2014-10-07 15:27:10

Кс. Ламбардзі пра тэмы, якія закранаюцца на Сінодзе Біскупаў


RealAudioMP3 Пра змест дэбатаў, якія адбыліся ў рамках ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, 7 кастрычніка 2014 г. распавёў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Многімі ўдзельнікамі форума звярталася ўвага на неабходнасць адаптацыі мовы Касцёла да мовы сучаснага свету, каб навучанне пра сям’ю, жыццё, сексуальнасць разумелася правільна. Неабходна ўвайсці ў дыялог са светам з крытычнай, але шчырай адкрытасцю. Калі Касцёл не слухае свет, свет не будзе слухаць Касцёл, казалі сінадальныя айцы. Евангелле павінна не тлумачыцца, а дэманстравацца, адзначылі яны. Евангелізацыя не можа быць безасабовай тэорыяй, яе адлюстраваннем павінны стаць сем’і з іх сведчаннем прыгажосці і праўды. Сёння трэба перайсці ад абарончай да актыўнай пазіцыі, ствараючы мост паміж мовай Касцёла і грамадства.

Нягледзячы на агульнапрынятыя стэрэатыпы, сёння людзі не задаволены паўсюдным эгаізмам; яны знаходзяцца ў пошуку ідэалаў. Таму, Касцёл павінен працаваць як “магніт” – прыцягваць людзей дзякуючы сваёй прывабнасці і сяброўскай пазіцыі ў адносінах да свету.

Да сітуацый людзей, якія пасля разводу жывуць у несакрамэнтальных саюзах, неабходна адносіцца з павагай, адзначалася на Сінодзе. Напрыклад, у “фактычных саюзах”, дзе людзі жывуць у любові, трэба заўважаць станоўчыя элементы. Сінод павінен даць адвагу і надзею недасканалым формам сям’і, якія могуць быць ацэнены згодна з прынцыпам градацыі. Неабходна па-сапраўднаму любіць сем’і з праблемамі, казалі ўдзельнікі асамблеі.

Важным пунктам дыскусіі стала абмеркаванне праблемы клерыкалізму, бо, паводле сінадальных айцоў, часта складаецца ўражанне, што Касцёл больш заклапочаны ўладай, чым служэннем, і таму не натхняе вялікай колькасці людзей.








All the contents on this site are copyrighted ©.