4 кастрычніка 2014
г. у Ватыкане праходзіць апошні дзень спецыяльнай сустрэчы па сітуацыі на Блізкім
Усходзе. Перад тым, як падвесці вынікі двухдзённага спаткання, удзельнікі саміта –
Апостальскія нунцыі з краін рэгіёна і прадстаўнікі ватыканскіх дыкастэрый, якія займаюцца
блізкаўсходнімі пытаннямі – прынялі ўдзел у Эўхарыстыі, якую ўзначаліў кардынал Дзяржсакратар
Пьетра Паралін у капліцы св. Паўла Апостальскага палацу Ватыкана. На працягу некалькіх
дзён дыпламаты і высокія ватыканскія іерархі абмяркоўвалі палітычную сітуацыю на Блізкім
Усходзе і прынцыпы дзейнасці Святога Пасаду ў існуючым кантэксце. Гаворачы пра пазіцыю
Апостальскай Сталіцы, сакратар па адносінах з дзяржавамі арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці
адзначыў, што “мір павінен шукацца праз “рэгіянальнае” і ўсеахопліваючае рашэнне,
якое не будзе супярэчыць інтарэсам ніводнага з бакоў”, а таксама “праз дыялог, а не
аднабаковыя рашэнні навязаныя сілай”.
Ватыканскі дыпламат нагадаў пра важнасць
барацьбы з фундаменталізмам, які знаходзіцца ў аснове тэрарызму на Блізкім Усходзе.
Для гэтага павінен развівацца дыялог з лідэрамі іншых рэлігій і супрацоўніцтва на
карысць дабра ўсіх. Святы Пасад, у адносінах з краінамі з мусульнаскай большасцю,
фундаментальным пытаннем лічыць абарону хрысціян і прадстаўнікоў іншых меншасцяў,
адзначалася падчас ватыканскай сустрэчы.
Удзельнікамі саміта падкрэслівалася
фундаментальная важнасць вырашэння ізраільска-палестынскага канфлікту для стабільнасці
і міру на ўсім Блізкім Усходзе, для чаго неабходна аднавіць дыпламатычныя намаганні.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся адносіны Каталіцкага Касцёла з іншымі хрысціянскімі
Цэрквамі ў рэгіёне, яго роля ў аказанні дапамогі бежанцам, спрыянні міру і справядлівасці.
2 кастрычніка 2014 г. з удзельнікамі саміта сустракаўся папа Францішак.