2014-10-04 10:18:33

Ватыканскі іерарх: св. Францішак заклікае да галоўнага – зрабіць Евангелле жыццёвым правілам


RealAudioMP3 З нагоды ўспаміну св. Францішка, які Касцёл адзначае 4 кастрычніка, сакратар Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё, нагадаў, што ў свой час “бедняк з Асізі” атрымаў ад Хрыста заданне – аднавіць Касцёл. “Але якім чынам? Вяртаючыся да жыцця пазначанага Евангеллем. Св. Францішак кажа Касцёлу сёння, як і ў мінулым, аб неабходнасці вяртання да Евангелля – неабходнасці вярнуцца і паставіць у цэнтр жыцця Езуса”, - сказаў іерарх у інтэрв'ю Ватыканскаму радыё. Ён падкрэсліў, што для св. Францішка, Евангелле не было кнігай або ідэалогіяй, але асобай – Хрыстом і формай жыцця. “Я думаю што пасланне св. Францішка заключаецца менавіта ў гэтым: вярнуцца да Евангелля, зрабіць з яго жыццёвую рэгулу кожнага хрысціяніна і самаго Касцёла”, сказаў іерарх, які сам з’яўляецца францішканінам.

На думку арцыбіскупа Карбальі, гэты заклік аб гучыць сёння таксама праз сведчанне папы Францішка – езуіта, які абраў сабе імя асізскага бедняка. “Падчас свайго пантыфікату – канешне ў працягласці са сваімі папярэднікамі – ён нагадвае пра галоўнае: Евангелле. Нагадвае пра тое, што самым важным з’яўляецца Езус Хрыстус, а разам з Ім, бедныя, а з беднымі – усе хто належаць да свету экзістэнцыяльных і інтэлектуальных перыферый”, - лічыць сакратар ватыканскай дыкастэрыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.