2014-10-03 11:21:25

Святы Айцец: гандаль зброяй ляжыць у аснове гуманітарнай драмы бежанцаў


RealAudioMP3 Саміт, які адбываецца 2-4 кастрычніка 2014 г. у Ватыкане, адлюстроўвае блізкасць і заклапочанасць папы Францішка складанай сітуацыяй на Блізкім Усходзе. Аб гэтым паведаміў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду кс. Фэдэрыка Ламбардзі. У сустрэчы прымаюць удзел Апостальскія нунцыі, якія працуюць у блізкаўсходнім рэгіёне, прадстаўнікі Рымскай курыі, Пастаянныя назіральнікі Святога Пасаду пры ААН у Нью-Ёрку і Жэневе, і пры Еўрапейскім саюзе.

На адкрыцці сустрэчы Святы Айцец выказаў непакой у сувязі з ваеннымі дзеяннямі і тэрарызмам, для якога чалавечае жыццё нічога не вартае. Пантыфік нагадаў аб праблеме гандля зброяй, якая ляжыць у аснове многіх праблем, а таксама аб гуманітарнай драме шматлікіх бежанцаў. Папа Францішак пацвердзіў важную ролю малітвы, а таксама заклікаў да вызначэння ініцыятыў і мер, накіраваных на дэманстрацыю салідарнасці Касцёла з хрысціянамі Блізкага Усходу.

З прамовамі да ўдзельнікаў спаткання звярнуліся кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, Апостальскія нунцыі ў Сірыі і Іраку, а таксама старшыня Папскай рады “Cor Unum”. Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу гаварыў пра перспектывы дыялогу з ісламам, а таксама праблемы, з якімі сутыкаюцца хрысціяне на Блізкім Усходзе. Асабісты пасланнік папы ў Ірак кардынал Фернанда Філоні распавёў пра сваё нядаўняе наведванне гэтай краіны. У рамках сустрэчы прадугледжаны таксама адкрыты дыялог паміж яе ўдзельнікамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.