2014-10-03 13:14:11

Пантыфік заклікаў еўрапейскіх біскупаў быць “прароцкім голасам” у грамадстве


RealAudioMP3 “Важна, каб пастыры і сем’і працавалі разам у духу пакоры і шчырага дыялогу”, - лічыць Святы Айцец. Ён сустрэўся 3 кастрычніка 2014 г. з іерархамі, якія прымалі ўдзел у генеральнай асамблеі Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, што праходзіла ў мінулыя дні ў Рыме на тэму: “Сям’я і будучыня Еўропы”. Пантыфік заклікаў, каб парафіяльныя супольнасці былі “сем’ямі сем’яў”. Менавіта такія асяроддзі могуць па сапраўднаму дапамагчы нарачоным сур’ёзна рыхтавацца да сужэнства, а сужонкам браць пад апеку дзяцей, якія аказаліся без бацькоў. У Еўропе не можа быць недахопу ў палітычнай і сацыяльнай падтрымцы сем’яў, асабліва тых, якія перажываюць рознага роду праблемы, падкрэсліў Папа. Касцёл, у сваю чаргу, павінен дзяліцца сваім досведам і быць прысутным у розных сферах жыцця сучасных людзей.

Супрацоўніцтва паміж пастырамі і сем’ямі павінна распаўсюджваецца і на галіну адукацыі, перакананы Пантыфік. Менавіта сям’я “з’яўляецца школай чалавечнасці, братэркай любові, адзінства”; менавіта яна рыхтуе сталых і адказных грамадзян. Адкрытае супрацоўніцтва паміж Касцёлам і сям’ёй “спрыяе фарміраванню духа справядлівасці, салідарнасці, міру і мужнасці”.

Францішак нагадаў пра адказнасць бацькоў па выхаванні сваіх дзяцей і іх права рабіць гэта “у адпаведнасці са сваімі маральнымі і рэлігійнымі перакананнямі”. Ён падкрэсліў, што ў першую чаргу бацькі, гэта “педагогі сваіх дзяцей”.

Касцёлы ў Еўропе павінны развіваць узаемныя адносіны і садзейнічаць належнаму супрацоўніцтву для плённай евангелізацыі, звярнуў увагу іерархаў Святы Айцец. Францішак запрасіў іх быць “прароцкім голасам” у еўрапейскім грамадстве.







All the contents on this site are copyrighted ©.