Святы Пасад у ААН: патрэбна аднаўленне дзейнасці супраць тэрактаў
Каб захаваць мір у
свеце, ёсць неабходнасць у аднаўленні актыўнасці ААН супраць тэрактаў, заявіў 29 верасня
2014 г. на 69-м пасяджэнні Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку,
прысвечанай цяперашняму крызісу ў свеце, кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Цэнтральнай
тэмай выступлення ватыканскага іерарха быў пераслед хрысціян і прадстаўнікоў меншасцяў.
Святы Пасад чакае ад Арганізацыі хуткіх дзеянняў па спыненні агрэсіі і прапарцыянальным
прымяненні сілы для абароны найбольш уразлівых слаёў насельніцтва. У сваім выступленні
кардынал не прамінуў выказаць расчараванне тым, што да гэтага часу міжнародная супольнасць
характарызуецца супярэчлівасцю меркаванняў, і нават маўчаннем, у сувязі з канфліктамі
ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва Украіне.
“Тут з вамі сёння, я не магу не
сказаць пра многіх хрысціян і прадстаўнікоў этнічных меншасцяў, якія ў апошнія месяцы
пацярпелі страшны пераслед у Іраку і Сірыі. Іх патрабаванні павінны нараджаць у нас
пастаяннае імкненне паважаць і цаніць годнасць кожнага чалавека, як жаданую і закладзеную
Богам”, - падкрэсліў кардынал Паралін. Іерарх звярнуў увагу на важнасць адзінства
дзеянняў у імя агульнага дабра і адмовы ад блакавання рашэнняў Арганізацыі Аб’яднаных
Нацый асобнымі краінамі.