2014-09-30 14:50:38

Кардынал Балдзісэры: сінадальнасць дапамагае фарміраванню мудрых рашэнняў


RealAudioMP3 Сінадальнасць не прыспешвае прыняцце рашэнняў, але дапамагае іх фарміраванню, таму Сінод Біскупаў на тэму сям’і і сужэнства пройдзе ў некалькі этапаў, адзначыў Генеральны сакратар Сіноду, кардынал Ларэнца Балдзісэры. На яго думку, папа Францішак вырашыў правесці асамблею ў два этапы, каб паказаць, што сінадальнасць – гэта супольны шлях, які прадугледжвае дыскусіі і перапынкі паміж імі, з мэтай дасягення галоўнай мэты і прыняцця рашэнняў не маленькімі групамі або камісіямі, але пры ўдзеле ўсяго народа Божага. У інтэрв’ю агенцтву “SIR” ватыканскі іерарх падзяліўся некаторымі думкамі адносна ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, якая пройдзе 5-19 кастрычніка 2014 г.

Пурпурат адзначыў важнасць прысутнасці на Сінодзе Біскупаў сужэнскіх пар, якія дадуць сведчанне аб сваім жыцці і каштоўнасці веры для сям’і. Ён распавёў, што акрамя выступленняў удзельнікаў форума напрыканцы кожнага дня будуць адбывацца свабодныя дыскусіі. Дакумент, распрацаваны на Сінодзе, будзе перададзены папе Францішку, які зможа ім распарадзіцца паводле свайго меркавання. Ён стане асновай працоўнага дакумента Сінода Біскупаў у 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.