2014-09-29 15:10:17

Францішак сустрэўся з членамі Аб’яднаных біблійных таварыстваў


RealAudioMP3 Дапамагаць лепш пазнаваць Святое Пісанне, асабліва простым людзям, заклікаў папа Францішак членаў Аб’яднаных біблійных таварыстваў, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 29 верасня 2014 г. Пантыфік атрымаў у дар новы міжканфесійны пераклад Бібліі на італьянскую мову. Дзелячыся сваім асабістым досведам, Папа сказаў, што аналагічны аргентынскі пераклад, зроблены сумесна пратэстантамі і католікамі, прынёс вялікую карысць: яго добра разумеюць простыя людзі, таму што яго мова “сапраўдная і блізкая да народа”. “Перад місіямі, якія мы праводзілі ў парафіях Буэнас-Айрэса, я заўсёды ішоў у Біблійнае таварыства, каб набыць гэтыя выданні. Мне рабілі цудоўную зніжку! Потым, мы раздавалі гэтыя Бібліі людзям і яны іх разумелі. Разумелі!”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік адзначыў, што міжканфесійнае выданне Бібліі, вельмі важная ініцыятыва, асабліва, калі падумаць пра колькасць падзелаў, якія ўзніклі па прычыне дэбатаў вакол Святога Пісання. Гэты праект, на думку Францішка, з’яўляецца ўкладам у перамогу ўзаемнага даверу над падазронасцю.

Святы Айцец пажадаў, каб плёнам дзейнасці Аб’яднаных біблійных таварыстваў карысталіся многія людзі, бо “няведанне Святога Пісання, з’яўляецца няведаннем Хрыста”.








All the contents on this site are copyrighted ©.