2014-09-29 11:35:39

Кардынал: Францішак мае іншы падыход да дактрыны


RealAudioMP3 Папа Францішак не жадае змяняць вучэння Касцёла, падкрэсліў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Няма ніякіх “прыкмет” гэтага ў яго знаходжанні на Пасадзе св. Пятра, сказаў ватыканскі іерарх у інтэрв’ю нямецкай “Die Tagespost”. Францішак мае “іншы падыход да дактрыны і ставіць пытанне аб тым, як вучэнне Каталіцкага Касцёла можа рэалізавацца ў паўсядзённым жыцці”. Ад кастрычніцкай надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў па пытаннях сужэнства і сям’і кардынал чакае “справядлівых дэбатаў”.

Іерарх стрымана пракаментаваў стан рэформы Рымскай курыі: “Я думаю, што занадта рана, каб сказаць ясна, у якім кірунку яна пойдзе”. Змены, якія, магчыма, закрануць некаторыя дыкастэрыі, на яго думку, “не прычына, каб нічога не рабіць, інакш любыя рэформы былі б непатрэбнымі”. Значна важнейшай ад структурных пытаннях, адзначыў кардынал, з’яўляецца “духоўная рэформа”. “Ватыканскі дух” павінен перажыць абнаўленне. Гаворка ідзе аб свядомасці, “што мы на самой справе стаім на службе Касцёла і Папы, што мы не з’яўляемся гаспадарамі Касцёла”, - удакладніў ён.

Трывожнай назваў ватыканскі кардынал з’яву ўдзелу шматлікіх еўрапейцаў у дзейнасці тэрарыстычных гпуповак на Блізкім Усходзе. “Калі 400 чалавек з Германіі адправіліся ў Ірак і Сірыю ў мэтах падтрымкі “Ісламскай дзяржавы”, трэба думаць, што ў гэтай краіне яшчэ шмат спачуваюць названай арганізацыі, і, такім чынам, тэрарызму”, - сказаў старшыня Папскай рады. Тое, што адбываецца сёння ў Іраку ў дачыненні да хрысціян, кардынал назваў “страшным”. Ён нагадаў, што 80% людзей, якія праследуюцца сёння ў свеце па рэлігійных прычынах – хрысціяне.

У кантэксце павелічэння колькасці гарачых кропках, такіх як Украіна, асабліва жыхары Заходняй Еўропы павінны будуць задаць сабе пытанне аб сваёй пазіцыі, лічыць кардынал Кох, бо для многіх радыкальныя паводзіны з’яўляюцца рэакцыяй “на шырокую жыццёвую дэзарыентацыю”.







All the contents on this site are copyrighted ©.