2014-09-29 14:22:01

Дэлегат епіскапата Беларусі: ёсць патрэба ў нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе


RealAudioMP3 У рамках падрыхтоўкі да Міжнароднага эўхарыстычныга кангрэса, які адбудзецца ў філіпінскім Себу 25-31 студзеня 2016 г., у Ватыкане прайшло пасяджэнне спецыяльнага папскага камітэта, які займаецца арганізацыяй гэтага форума. У ім прыняў удзел дэлегат Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі – пробашч гродзенскага катэдральнага касцёла кс. Ян Кучынскі. Ён завітаў на Ватыканскае радыё і расказаў пра падрыхтоўку да эўхарыстычных форумаў і сваю сустрэчу з папам Францішкам. Кс. Ян, у чым сэнс падобных сустрэч? Для чаго яны праводзяцца і што падчас іх абмяркоўваецца?

Сэнс такіх мерапрыемстваў заключаецца ў падрыхтоўцы да бліжэйшага Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса, які адбудзецца ў філіпінскім Себу і абмеркаванні пытанняў, якія павінны быць узняты на гэтым форуме. Падчас канферэнцыі была прачытана справаздача арцыбіскупа Дубліна, на тэму мінулага кангрэсу. Ён засведчыў, што форум абудзіў веру людзей: яны былі вельмі задаволены і сказалі, што адчулі ў сабе адраджэнне веры ў Найсвяцейшы сакрамэнт, умацаванне эўхарыстычнай пабожнасці. Менавіта абуджэнне веры з’яўляецца задачай наступнага кангрэса: каб людзі прачнуліся, пачалі больш пазнаваць і цаніць Эўхарыстыю.

У рамках пасяджэння Камітэта вы сустракаліся з папам Францішкам. Не маглі б вы расказаць крыху пра гэту сустрэчу?

Гэта была мая першая сустрэча з папам Францішкам і я застаўся вельмі задаволены ёй. Заўсёды цікава сустрэцца з новым Папам! Падчас індывідуальнага спаткання я пастараўся перадаць яму прывітанне ад усёй Беларусі і, канешне, запрасіў яго ў нашу краіну. На гэтыя словы ён усміхнуўся, кіўнуў галавой і сказаў: “Ну-ну, паглядзім!”. Але, канешне, прысутнасць на гэтай сустрэчы і магчымасць слухаць папу Францішка не толькі праз радыё і тэлебачанне – прынесла і вялікую радасць, і духоўны ўздым.

Кс. Ян, вяртаючыся да тэмы эўхарыстычных кангрэсаў, на бліжэйшым, які пройдзе на Філіпінах, будзе нейкая беларуская прысутнасць?

Ёсць такая магчымасць. Гэта заўсёды магчыма, толькі трэба, каб хтосьці сабраўся, выказаў жаданне туды паехаць, бо гэта далёка і, напэўна, білеты будуць каштаваць нямала. Я буду мець надзею, што знойдзецца прынамсі некалькі асобаў жадаючых паехаць на гэты кангрэс.

Як, на вашу думку, абстаяць справы з эўхарыстычнай пабожнасцю ў Беларусі? Наколькі яна распаўсюджана ў нашай краіне, наколькі вернікі надаюць важнасць эўхарыстычнаму жыццю. Касцёлу яшчэ трэба працаваць ў гэтым накірунку?

Я думаю, што ў гэтым накірунку працаваць трэба заўсёды. Эўхарыстычная пабожнасць у Беларусі – развіваецца. Вельмі радуе сэрца тое, што ў нас з’яўляюцца штодзённыя адарацыі Найсвяцейшага сакрамэнту. Гэта вельмі патрэбна. Радасна, што яны праводзяцца ва ўсіх дыяцэзіях, але шкада, што яшчэ не паўсюль праводзяцца ўсядзённыя і ўсяночныя адарацыі. За Гродна я магу адказаць: мы гэта практыкуем у гродзенскай катэдры. Перад вялікімі святамі і ўрачыстасцямі мы праводзім усяночныя адарыцыі.

У Беларусі мы яшчэ мала людзям тлумачым, што Эўхарыстыя – гэта жывы і сапраўдны Езус, які ёсць, быў і будзе. Трэба тлумачыць, што гаворка не ідзе пра нейкую форму магіі – маўляў, прыйшлі, пакланіліся і пайшлі – але пра Езуса, жывога і сапраўднага! Як кажа дэвіз будучага кангрэса: “Хрыстус у вас – надзея хвалы” – Езус у нас! Ён у кожным з нас і гэта трэба да людзей данесці, бо часам яны маюць толькі традыцыйную пабожнасць у адносінах да Эўхарыстыі, якая заключаецца толькі ў тым, каб устаць на калені, памаліцца... Усё гэта вельмі добра – але ці па-сапраўднаму ўсе разумеюць, што перад імі жывы і сапраўдны Езус. У гэтым накірунку, мне здаецца, яшчэ трэба працаваць. Трэба больш тлумачыць людзям, праводзіць больш канферэнцый, гаварыць больш казанняў, арганізоўваць больш рэкалекцый на тэму Эўхарыстыі.

Магчыма, у дадзеным кантэксце было б актуальным пытанне аб правядзенні нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу ў Беларусі?

Я думаю, што мы будзе рыхтавацца да таго, каб калісьці арганізаваць і нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Беларусі, таму што гэта патрэбна. Я думаю, што гэта падштурхне людзей да большай рэлігійнасці, да большага разумення Эўхарыстыі. Я думаю і спадзяюся, што у нас такі кангрэс калісьці адбудзецца.

Дзякую вам за гэта інтэрв’ю і жадаю поспехаў у спаўненні вашых задум.

Размаўляў Аляксандр Панчанка







All the contents on this site are copyrighted ©.