Францішак сустрэўся з арганізатарамі Міжнародных эўхарыстычных кангрэсаў
27 верасня 2014 г.
Святы Айцец сустрэўся з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскага камітэта па Міжнародных
эўхарыстычных кангрэсах. Пантыфік падзякаваў за працу структуры, у прыватнасці, за
падрыхтоўку да Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу ў філіпінскім Себу, які пройдзе
у 2016 г. Францішак нагадаў, што Эўхарыстыя займае цэнтральнае месца ў Касцёле – гэта
“сакрамэнт міласэрнасці, знак адзінства і повязь любові”. Тэма будучага форума: “Хрыстус
сярод вас – надзея хвалы”, пралівае святло на сувязь паміж Эўхарыстыяй, місійнасцю
і хрысціянскай надзеяй, адзначыў Папа. Сёння ў свеце існуе недахоп надзеі, таму чалавецтва
мае патрэбу ў пасланні надзеі, якое прынёс Езус Хрыстус. Пантыфік пажадаў, каб Касцёл
нёс яго з новым запалам, выкарыстоўваючы абноўленыя метады. “У духу “новай евангелізацыі”,
няхай Касцёл нясе гэта пасланне ўсім, асабліва тым, хто, будучы ахрышчаным, аддаліўся
ад Касцёла і жыве без звароту да хрысціянскага жыцця”, - сказаў Святы Айцец.
Наступны
кангрэс, на думку Францішка, павінен дапамагчы зразумець Эўхарыстыю, як сустрэчу з
Панам, якая змяняе чалавека, а таксама стаць магчымасцю “для адкрыцця веры, у якасці
крыніцы ласкі, якая прыносіць радасць і надзею ў асабістае, сямейнае і грамадскае
жыццё”.
“Сустрэча з Езусам у Эўхарыстыі будзе крыніцай надзеі для свету, калі
перамененыя сілай Святога Духа – па вобразу Таго, каго сустракаем – мы прымем на сябе
місію змены свету, дорачы поўню жыцця, якую самі атрымалі і адчулі, несучы надзею,
прабачэнне, аздараўленне і любоў патрабуючым, асабліва бедным, абяздоленым і прыгнечаным,
дзелячыся жыццём і памкненнямі і ідучы разам з імі ў пошуку сапраўднага чалавечага
жыцця ў Езусе Хрысце”, - адзначыў папа Францішак.