2014-09-27 10:57:26

Святы Пасад адправіў каардынатара ў рэгіён, пацярпелы ад віруса Эбола


RealAudioMP3 Кс. Роберт Віціла, дэлегат “Caritas Internationalis” ва ўстановах ААН у Жэневе, будзе каардынаваць ад імя Святога Пасаду дзейнасць каталіцкіх арганізацый у раёнах, пацярпелых ад віруса Эбола ў Гвінеі, Сьера-Леонэ і Лібэрыі. 26 верасня 2014 г. ён адправіўся ў рэгіён, дзе распаўсюджваецца эпідэмія гэтага небяспечнага захворвання. Амерыканскі святар, які з’яўляецца экспертам па крызісных сітуацыях, мае вялікі вопыт у працы на тэрыторыях, дзе ўзнікаюць крытычныя сітуацыі, што пагражаюць здароўю і жыццю людзей. На працягу 25 гадоў ён вёў каталіцкія праекты дапамогі ахвярам СНІДу.

Мэтай гуманітарнай працы Касцёла ў Заходняй Афрыцы з’яўляецца інфармаванне мясцовага насельніцтва пра вірус і магчымасці ахоўных мер супраць яго. Супрацоўнікі “Caritas” і іншых касцёльных арганізацый наведваюць вёскі і аддаленыя населеныя пункты. Яны спадзяюцца, што ўсведамленне мясцовым жыхарам магчымасцяў супрацьстаяння смяротнаму вірусу, які сее хаос, дапаможа ім пазбавіцца страху і ізаляцыі інфіцыраваных людзей. Акрамя таго, гэтыя арганізацыі атачаюць клопатам сем’і памерлых і тых, хто перажыў заражэнне вірусам.







All the contents on this site are copyrighted ©.