Ватыканскі прэлат нагадаў аб праве на супраціў сумлення
Святы Пасад заклікаў
паважаць права на супраціў сумлення медыцынскіх работнікаў. Сакратар Папскай рады
пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, кс. прэлат Жан-Мары Мупэндавату, заявіў
25 верасня 2014 г. у Дубліне аб частай дыскрымінацыі з боку медыцынскіх кіраўнічых
структур супрацоўнікаў, якія адмовіліся ўдзельнічаць у здзяйсненні абортаў па меркаваннях
сумлення. У некаторых краінах медсёстры, якія адмовіліся ад удзелу ў праграмах, што
спрыяюць абортам, баяцца страціць свае працоўныя месцы або не быць прынятымі на працу,
адзначыў святар. Ён выступіў на Сусветным кангрэсе “Міжнароднага каталіцкага камітэту
медсясцёр і медыка-сацыяльных памочнікаў” у ірландскай сталіцы. Прадстаўнік Святога
Пасаду заклікаў удзельнікаў да мужнага спрыяння абароне жыцця. Медыцынскі работнік
павінен быць “слугой і захавальнікам жыцця”, - падкрэсліў кс. Мупэндавату.