2014-09-27 12:19:50

40 тыс. пажылых людзей з 20 краін прыедуць у Ватыкан на сустрэчу Пантыфікам


RealAudioMP3 Каля 40 тыс. чалавек з 20 краін свету – бабулі, дзядулі і іх унукі, – прымуць удзел у сустрэчы з папам Францішкам на плошчы св. Пятра 28 верасня 2014 г. Мерапрыемства пад назвай “Благаслаўленне на доўгае жыццё” адкрые вядомы італьянскі спявак Андрэа Бачэлі. Пасля гэтага сваімі сведчаннямі падзеляцца некаторыя пажылыя людзі: двое сужонкаў з Іраку, якія былі вымушаны пакінуць родную зямлю, ратуючыся ад ісламскіх тэрарыстаў; бабуля з Ірландыі, якая займаецца выхаваннем унука; італьянскі пенсіянер, які зрабіў сваё жыццё цікавым і карысным дзякуючы валанцёрскай працы; жыхары дому састарэлых. Сярод асоб, запрошаных асабіста Пантыфікам – тры яго старыя знаёмыя з трушчобаў Буэнас-Айрэса, а таксама Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI, які з радасцю адказаў на прапанову свайго наступніка на Пасадзе св. Пятра прыняць удзел у ватыканскім свяце.

Праграма мерапрыемства складаецца з двух частак: у першай – прагучаць сведчанні пажылых асоб і зварот Святога Айца да ўдзельнікаў спаткання, а ў другой – адбудзецца Эўхарыстыя, якую будзе цэлебраваць Пантыфік разам з амаль сотняй пажылых святароў з розных краін і кантынентаў свету.

Сустрэчай з пажылымі людзьмі папа Францішак жадае звярнуць увагу на праблемы гэтай катэгорыі асоб. У 2013 г., звяртаючыся да ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады па справах сям’і, ён адзначыў, што “дзеці і пажылыя людзі прадстаўляюць сабой два жыццёвых полюсы; гэта асобы самыя безабаронныя, пра якіх часцей за ўсё забываюць”.

Ватыканская сустрэча з пажылымі людзьмі пройдзе ў кантэксце падрыхтоўкі да ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў на тэму сям’і і сужэнства, якая адбудзецца 5-19 кастрычніка 2014 г у Ватыкане.








All the contents on this site are copyrighted ©.