2014-09-27 14:58:39

Пантыфік нагадаў пра рысы святасці былога кіраўнікага “Оpus Dei”


RealAudioMP3 Адкрыцца на любоў Пана і дазволіць Яму весці сябе – гэта шлях святасці, якім павінен прайсці кожны хрысціянін, напісаў папа Францішак у лісце з нагоды беатыфікацыі іспанскага біскупа і былога кіраўніка Персанальнай прэлатуры “Opus Dei” Альвара дэль Парцільё, якая адбылася 27 верасня 2014 г. Новы благаслаўлёны быў блізкім паплечнікам св. Хасэмарыі Эскрывы, кампетэнтным тэолагам і заснавальнікам Папскага ўніверсітэта Святога Крыжа ў Рыме. Свой ліст Пантыфік скіраваў яшчэ некалькі месяцаў таму, на імя цяперашняга кіраўніка “Оpus Dei” біскупа Хаўера Эчэварыі Радрыгеса, хоць ён быў апублікаваны 27 верасня 2014 г.

У ім Францішак нагадаў, што духоўнае жыццё бл. Альвара дэль Парцільё характарызавалі ўдзячнасць, адкрытасць на Божую міласэрнасць і асэнсаванне патрэбы ў Божай дапамозе. “Дзякуй, прабач, дапамагай мне больш”, – гэтыя тры словы любіў паўтараць новы благаслаўлёны.

“Ён ніколі не наракаў і не крытыкаваў, нават у асабліва цяжкія моманты, наадварот – чаму навучыўся ад св. Хасэмарыі – адказваў заўсёды малітвай, прабачэннем, разуменнем і шчырай міласэрнасцю”, - адзначыў Папа. Акрамя таго, Альвара дэль Парцільё стымуляваў людзей, якіх сустракаў, прыступаць да сакрамэнту споведзі, “сакрамэнту радасці”, як ён яго называў. Альвара дэль Парцільё і сёння працягвае вучыць, што ў прастаце і жыццёвай штодзённасці можна знайсці шлях да святасці, перакананы папа Францішак.

Сённяшнюю беатыфікацыю Альвара дэль Парцільё ўзначаліў у Мадрыдзе – родным горадзе новага благаслаўлёнага – кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.