2014-09-26 12:08:16

Папа моліцца за моладзь Беларусі і ўвесь беларускі народ


RealAudioMP3 Папа Францішак пазнаёміўся з сітуацый Касцёла ў Беларусі, атрымаў некаторыя падарункі ад беларускіх вернікаў і выказаў надзею, што маладыя беларусы, незалежна ад веравызнання і перакананняў, будуць адчуваць сябе пратаганістамі будучыні – людзьмі неабыякавымі да супольнага дабра сваёй краіны і ўсяго чалавецтва. Аб гэтым ён сказаў падчас аўдыенцыі для Апостальскага нунцыя ў Беларусі, арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці 25 верасня 2014 г. Святы Айцец прадэманстраваў глыбокае веданне ролі Беларусі ў працэсе аднаўлення міру ва Украіне і нагадаў, што асаблівая місія хрысціян – быць міратворцамі, таму што любоў мацнейшая за любыя этнічныя падзелы і палітычныя рознагалоссі, паведамляе сайт Каталіцкага Касцёла ў Беларусі www.catholic.by. Пантыфік падкрэсліў, што Святы Пасад і надалей будзе намагацца дзейнічаць на карысць беларускага народа, і выказаў надзею на тое, што атмасфера дыялогу і ўзаемапаразумення паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь будзе ўмацоўвацца, дазваляючы знайсці пазітыўнае рашэнне некаторых адкладзеных пытанняў.

Апостальскі нунцый, у сваю чаргу, перадаў папу Францішку некалькі пілігрымскіх футболак – падарунак беларускай каталіцкай моладзі, якая сёлета пілігрымавала ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай. З жывой зацікаўленасцю Пантыфік пазнаёміўся са здымкамі і пасланнем, якое яму скіравалі маладыя пілігрымы. Папа таксама запэўніў, што моліцца за моладзь Беларусі і ўвесь беларускі народ.








All the contents on this site are copyrighted ©.