2014-09-26 11:37:47

Кардынал Кох: каталіцка-праваслаўны дыялог нялёгкі, але працягваецца


RealAudioMP3 Пра праблемы ў каталіцка-праваслаўным дыялогу расказаў Ватыканскаму радыё кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству на заканчэнне пасяджэння Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Форум праходзіў 15-23 верасня 2014 г. у іарданскім Амане. Галоўным чынам ён быў прысвечаны праблемам хрысціян на Блізкім Усходзе і абмеркаванню праекта дакумента “Сінадальнась і першаснасць”, распрацаванага Каардынацыйным камітэтам Камісіі падчас рымскай сустрэчы ў 2011 г. і парыжскай, у 2012 г.

Самым галоўным дасягненнем форума, кардынал Кох назваў існаванне жадання ўсіх яго ўдзельнікаў працягваць дыялог, “нават калі ён і нялёгкі”. Менавіта па прычыне рознагалоссяў, удзельнікі дыскусіі не змаглі прыйсці да канчатковай згоды ў пытанні аб сінадальнасці і ролі Біскупа Рыма ў Паўсюдным Касцёле. “Падрыхтоўчы дакумент, які быў прапанаваны для абмеркавання і распрацаваны Каардынацыйным камітэтам у Парыжы, быў адхілены, перадусім праваслаўным бокам”, - расказаў кардынал Кох. Такім чынам, Камісія прыняла рашэнне падрыхтаваць новы праект дакумента. Яго абмеркаванне адбудзецца не раней за 2017 г., з улікам таго, што ў 2016 г. пройдзе Усеправаслаўны Сінод.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству звярнуў увагу на існаванне рознагалоссяў паміж рознымі Праваслаўнымі Цэрквамі і выказаў спадзяванне, што Усеправаслаўны Сінод ўсё ж зможа адбыцца. “Магчыма, існуе больш рознагалоссяў паміж праваслаўнымі, чым паміж праваслаўнымі і католікамі. І калі падчас Усеправаслаўнага Сінода Праваслаўныя Цэрквы здолеюць знайсці большае адзінства паміж сабой, гэта будзе вялікай дапамогай для працягу нашага дыялогу”, - сказаў ён.

Кардынал Кох падкрэсліў існаванне добрага супрацоўніцтва з Рускай Праваслаўнай Царквой і яе адкрытасць на працяг дыялогу. У той жа час пурпурат не пагадзіўся з крытыкай Мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна ў адрас Украінскай грэка-каталіцкай Царквы, маўляў, уніяцтва – гэта “рана на Целе Хрыста”. Пурпурат падкрэсліў, што “сапраўднай ранай з’яўляецца падзел Касцёла паміж Усходам і Захадам, а ўніяцтва – вынік гэтай раны". "Калі мы хочам вырашыць праблему уніяцтва – павінны адшукаць адзінства”, - сказаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.