2014-09-25 12:25:45

Пантыфік прыняў Апостальскага нунцыя ў Беларусі


RealAudioMP3 Папа Францішак 25 верасня 2014 г. прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Апостальскага нунцыя ў Беларусі, арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, паведаміла Зала Друку Святога Пасаду. Трэба нагадаць, што 30 жніўня 2014 г. у капліцы Душпастырскага цэнтра мінскай парафіі Праведнага Язэпа арцыбіскупу Гуджэроцці была перададзена англійская версія iлюстраванай гісторыі “Краіна Беларусь” (“This country called Belarus”), як падарунак для Пантыфіка. Гэта зрабіў асабіста аўтар выдання – вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў. Іерарх запэўніў у той час, што перадасць кнігу асабіста Святому Айцу падчас сённяшняга спаткання. Таксама Апостальскі нунцый паабяцаў перадаць Папе футболку з сімволікай пілігрымкі Маладзечна–Будслаў, якую наведаў 4 ліпеня 2014 г. на шляху ў нацыянальны санктуарый.

Арцыбіскуп Гуджэроцці ўзначальвае дыпламатычнае прадстаўніцтва Святога Пасада ў Беларусі з 2011 г. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё ён заявіў, што “Апостальская Сталіца жадае бачыць Беларусь краінай, якую ўсе бакі разглядаюць і ўспрымаюць як роўнага партнёра”, і жадае каб яна “магла развівацца ў тым тэмпе і такім спосабам, які адпавядае культуры і чуласці беларускага народа, а не планам і календарам, вызначаным кімсьці па-за межамі Беларусі”.

Трэба нагадаць, што ў дадзены момант ідзе праца па падрыхтоўцы магчымага пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскай Сталіцай. Арцыбіскуп Гуджэроцці адзначыў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, што “гаворка ідзе пра доўгі працэс, нялёгкі. І гэта звязана з існуючай розніцай канцэпцый і паняццяў у акрэсленні адносін паміж дзяржавай і Касцёлам”. Але, на думку ватыканскага дыпламата, тут “варта паставіцца з разуменнем, бо гаворка ідзе пра дастаткова новую праблематыку для Беларусі, улічваючы мінулае, калі, канешне, не магло мець месца пагадненне паміж Каталіцкім Касцёлам і ўрадам”.

Запланаваная працягласць сённяшняй сустрэчы паміж ватыканскім дыпламатам і Пантыфікам была 20 хвілін.







All the contents on this site are copyrighted ©.