2014-09-25 12:59:49

Кардынал Дзяржсакратар: тэрарызм уяўляе пагрозу для ўсяго чалавецтва


RealAudioMP3 24 верасня 2014 г. кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін прыняў удзел у дэбатах Савета Бяспекі ААН на тэму “Пагрозы міжнароднаму міру і бяспецы, якія ствараюць тэрарыстычныя акты”. У сваім выступленні ён адзначыў, што ўсе дзяржавы і людзі добрай волі павінны згуртавацца ў адказ на выклік, кінуты тэрарызмам. Ватыканскі дыпламат узгадаў, што Савет Бяспекі ААН быў заснаваны ў эпоху, калі нігілістычны погляд на чалавечую годнасць ужо спрабаваў зруйнаваць і раскалоць наш свет. Сёння, як і ў той час, дзяржавы павінны аб’яднацца, каб абараніць людзей ад бесчалавечай жорсткасці і насілля.

Цытуючы папу Яна Паўла II, ён прыгадаў, што права на антытэрарыстычную абарону краін і народаў не дае дазволу на ўжыванне насілля супраць насілля, але яно “павінна ажыццяўляцца з павагай да маральных і прававых межаў у выбары мэтаў і сродкаў”. Неабходна правільна ідэнтыфікаваць злачынцаў, бо віна тэрарыстаў заўсёды асабістая і яе нельга пашыраць на ўсю нацыю, этнічную группу ці рэлігію, да якой яны належаць.

Джяржсакратар звярнуў увагу на сацыяльныя прычыны міжнароднага тэрарызму. Моладзь, якая ўступае ў шэрагі тэрарыстаў, часцяком паходзіць з незабяспечаных сем’яў мігрантаў, расчараваных грамадствам, у якім адсутнічаюць каштоўнасці і магчымасці інтэграцыі. Урады краін павінны не толькі ўсімі легальнымі сродкамі прадухіляць вярбоўку сваіх грамадзян, але і садзейнічаць іх адэкватнай сацыяльнай інтэграцыі.

Напрыканцы выступлення кардынал Паралін падкрэсліў вялікую адказнасць вернікаў у асуджэнні тых, хто выкарыстоўвае веру для апраўдання насілля. Як падкрэсліў папа Францішак падчас свайго Апостальскага падарожжа ў Албанію, “няхай ніхто не выкарыстоўвае рэлігію як падставу для дзеянняў супраць чалавечай годнасці і асноўных правоў кожнага мужчыны і кожнай жанчыны, перш за ўсё, супраць права на жыццё і рэлігійную свабоду!”.








All the contents on this site are copyrighted ©.