2014-09-25 13:04:37

Абраны афіцыйны гімн Сусветных дзён моладзі 2016 г. у Кракаве


RealAudioMP3 Песня “Благаслаўлёныя міласэрныя” аўтарства Якуба Блыхажа стала афіцыйным гімнам Сусветных дзён моладзі 2016 г. у Кракаве. Твор зацвердзілі ў гэтай якасці арганізацыйны камітэт форума і Папская рада па справах свецкіх. Як паведамляецца на старонцы Сусветных дзён, абраны гімн з’яўляецца адным з 94, прадстаўленых на конкурс. Яго афіцыйная прэзентацыя адбудзецца ў Кракаве 28 кастрычніка 2014 г. Якуб Блыхаж – па прафесіі юрыст, з’яўляецца аўтарам некалькіх літургічных спеваў.

Раней быў прэзентаваны афіцыйны лагатып кракаўскага форуму. Ён уяўляе сабой крыж, які сімвалізуе Езуса Хрыста. У сярэдзіне жоўты круг – сімвал Кракава і моладзі. Вакол крыжа бачная іскра Божай міласэрнасці, што з’яўляецца спасылкай на абраз сястры Фаўстыны – “Езу, давяраю табе”. Лагатып звязаны з біблійным тэкстам, які быў выбраны ў якасці тэмы сустрэчы моладзі: “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць” (Мц 5, 7). У ліпені 2014 г. была прадстаўлена таксама афіцыйная малітва форуму.

XXXI-я Сусветныя дні моладзі пройдуць у Кракаве 26-31 ліпеня 2016 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.