2014-09-23 09:22:18

Кардынал Дзяржсакратар: інтэнсіўнасць сённяшніх канфліктаў супастаўная з сусветнымі войнамі


RealAudioMP3 У кантэксце міжнародных падзей зноў вяртаюцца ў розных каментарах словы Папы аб “паўзучай трэцяй сусветнай вайне”. Гэта пытанне закрануў, у прыватнасці, кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін у інтэрв’ю для “L’Osservatore Romano”. Ён адзначыў, што інтэнсіўнасць некаторых сённяшніх канфліктаў на самой справе супастаўная з сусветнымі войнамі, а іх жорсткасць часта перавышае тое, што чалавецтва зведала сто гадоў таму. На яго думку, прычына ў сацыяльнай, культурнай і рэлігійнай разнастайнасці, якая, замест таго, каб узбагачаць усіх людзей, выкарыстоўваецца ў якасці кантрасту.

Ватыканскі іерарх выказаў перакананне, што гэту тэндэнцыю можна спыніць толькі шляхам развіцця братэрства сярод людзей. Гэта можа быць дасягнута як за кошт дыпламатыі, так і невялікіх жэстаў салідарнасці, напрыклад, у адносінах да пераследаваных хрысціян. З іншага боку, дапамогай тут можа быць увага да падыходу Пантыфікаў мінулага стагоддзя да вайны, якую Бэнэдыкт XV назваў “бескарыснай бойняй”. Заклікі чарговых Наступнікаў св. Пятра да міру на самой справе з’яўляецца прыкметай вялікага даверу да чалавецтва і чалавека, сказаў кардынал Паралін.

На яго думку, вера ў тое, што дабро ў стане пераважыць над злом у чалавеку, таксама распаўсюджваецца на выпадкі, калі справа даходзіць да пераадолення ўсіх відаў фундаменталізму. Гаворка ідзе пра прыняцце іншых і іх адрозненняў і пабудову спакою ва ўласным сэрцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.