2014-09-23 11:44:59

Генсек Сінода Біскупаў пра падрабязнасці правядзення асамблеі на тэму сям’і


RealAudioMP3 Каталіцкія біскупы, згодна з волей Папы, павінны весці адкрытае і свабоднае абмеркаванне на маючым адбыцца Сінодзе Біскупаў на тэму сям’і. Кожны павінен мець свабоду “без страху і падазронасці” выказваць сваё меркаванне, сказаў генеральны сакратар Сінода, кардынал Ларэнца Балдзісэры ў інтэрв’ю каталіцкаму інтэрнэт-парталу “Korazym”. Для адкрытага абмену думкамі, паводле меркавання ватыканскага іерараха, біскупы павінны не толькі чытаць загадзя падрыхтаваныя выступленні, але гаварыць свабодна. Для гэтага кожнаму з іх будзе дадзена чатыры хвіліны. Кароткае рэзюмэ свайго выступлення яны павінны раней даслаць у Сакратарыят Сінода. У правілы правядзення пазачарговай сесіі Сінода было дадазена больш “дынамічнасці”, каб гаворка ішла “па сутнасці”, сказаў кардынал Балдзісэры.

Каля 250 біскупаў і экспертаў з 5 па 19 кастрычніка 2014 г. у Ватыкане будуць размаўляць аб тым, як Каталіцкі Касцёл павінен рэагаваць на змены рэальнасці жыцця сем’яў і сужэнстваў. Тут гаворка пойдзе пра сітуацыю католікаў, якія жывуць у несакрамэнтальных саюзах, змешаныя сем’і, сексуальную мараль, перадачу веры ў значнай ступені нерэлігійным асяроддзі. Апытанне, праведзенае перад Сінодам па гэтых тэмах, выявіла вялікі разрыў паміж рэальнасцю жыцця многіх каталікоў і вучэннем Касцёла.

Тэксты выступленняў удзельнікаў Сінода, як паведаміў кардынал Балдзісэры, не будуць публікавацца. Святы Пасад, аднак, будзе арганізоўваць штодзённыя прэс-канферэнцыі, каб паведамляць аб ходзе абмеркаванняў. Акрамя таго, Зала Друку будзе публікаваць рэзюмэ дня.

Пасля завяршэння Сінода, па яго выніках будзе складзены дакумент, які стане вынікам абмеркаванняў. Яго прапануюць для галасавання ўдзельнікам, а затым прадставяць Святому Айцу, патлумачыў генеральны сакратар Сінода Біскупаў. Рашэнне па яго публікацыі прыме сам Францішак. Канчатковы дакумент будзе складзены пасля звычайнай сесіі Сінода, якая пройдзе восенню 2015 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.