2014-09-22 13:07:02

Прадстаўнік Святога Пасаду распавёў пра кулуары візіту Папы ў Албанію


RealAudioMP3 “Але колькі маладых людзей!”, - гэтыя словы папы Францішка, якія ён прамовіў едучы па вуліцах албанскай Тыраны, зацытаваў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, які суправаджаў Пантыфіка ў яго падарожжы. На думку святара, Папа ўбачыў Еўропу “з іншага боку”, не такой “састарэлай”, як яна ўяўлялася раней. Таму менавіта тэма маладых людзей так часта гучала ў выступленнях Святога Айца падчас яго албанскага падарожжа 21 верасня 2014 г. З гэтай нагоды ён падкрэсліў, што менавіта моладзь з’яўляецца надзеяй на пабудову лепшай будучыні, менавіта яна здольная ўнесці станоўчы ўклад у еўрапейскае грамадства.

Гледзячы на выяву арла на албанскай нацыянальнай сімволіцы, Пантыфік прызнаўся у кулуарах, што думае пра гэту велічную птушку, якая лётае высока, але не адмаўляецца ад свайго гнязда, заўсёды вяртаецца ў яго. Албанія для Францішка – краіна арлоў, пакліканых да вышынь, ідэалаў, вялікіх сведчанняў – краіна мучанікаў, верных сваёй гісторыі, сваім вытокам.

Кс. Ламбардзі падзяліўся ўспамінамі папы Францішка пра яго знаёмства з Маці Тэрэзай з Калькуты, албанкай па паходжанні. Яны сустрэліся ўпершыню ў 1994 г. падчас Сіноду Біскупаў. Папа быў уражаны гэтай “моцнай жанчынай”, здольнай даваць настолькі мужнае сведчанне свету. Ён сказаў жартам: “Я б баяўся мець яе ў якасці свайго настаяцеля, таму што гэта была вельмі моцная жанчына”.

Кіраўнік Залы Друку падзяліўся таксама інфармацыяй адносна таго, што Пантыфік напісаў у кнізе ганаровых гасцей Прэзідэнцкага палацу. “Для высакароднага албанскага народа, з маёй павагай і захапленнем за яго сведчанне і братэрства ў развіцці краіны”.

Кс. Ламбардзі прызнаўся, што размова Святога Айца з Прэзідэнтам Албаніі была “вельмі інтэнсіўнай”. Кіраўнік дзяржавы “быў вельмі крануты” і “вельмі рады”. Прэзідэнт-мусульманін гаварыў з Папам “з вялікай удзячнасцю”, падкрэсліўшы, што “гармонія паміж рэлігіямі” у краіне значна ўзмацніла дэмакратыю і развіццё народу. Палітык падкрэсліў, што візіт Пантыфіка – гэта благаслаўленне для Албаніі. Увогуле, тэма візіту як благаслаўлення вельмі моцна падкрэслівалася мясцовымі мусульманамі, заўважыў кс. Ламбардзі. Гэта моцнае слова яны адносілі да людзей, краіны і яе будучыні. Яшчэ адно моцнае слова, якое прагучала з вуснаў Францішка – “павага”. Гэта вельмі важнае паняцце для албанцаў у іх суіснаванні. Тое ж адзначаў і Прэзідэнт.

Падарожжа падкрэсліла вельмі важныя выклікі для Еўропы, сказаў прадстаўнік Святога Пасаду – супольнае жыццё ў міры, суіснаванне паміж рэлігіямі як элемент міру і дыялогу, а не напружанасці і канфліктаў, патрэбу надзеі, мужнасці і вернасці, як вялікіх каштоўнасцяў для будавання будучыні. Увогуле, візіт Пантыфіка ў Албанію стаў “вялікім пасланнем” і падтрымкай “для гэтага незвычайнага народа”, з яго гісторыяй мучаніцтва і сведчання, а таксама пацвярджэннем вялікага патэнцыялу, які албанцы могуць прынесці для міжнароднай супольнасці, адзначыў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду.







All the contents on this site are copyrighted ©.