2014-09-21 17:48:34

Францішак: камунізм хацеў знішчыць веру, а сучасныя “дыктатуры” – любоў


RealAudioMP3 Памяць пра мужнае сведчанне хрысціян, якія аддалі жыццё за веру ў часы пераследу, можа дапамагчы Касцёлу у Албаніі ўзрастаць у місійнасці і апостальскай адвазе, перакананы Святы Айцец. Асаблівым пунктам яго падарожжа ў Албанію стала сустрэча з мясцовым духавенствам у тыранскай архікатэдры 21 верасня 2014 г. У ёй прынялі ўдзел 7 біскупаў, каля 150 святароў, 400 законнікаў і законніц, семінарысты, прадстаўнікі свецкіх каталіцкіх рухаў. На пачатку сустрэчы сваімі сведчаннямі аб камуністычным пераследзе падзяліліся албанскі святар і законніца. Францішак, у сваёй прамове, якая была ўручана мясцоваму арцыбіскупу, падкрэсліў, што атэістычны рэжым, які некалі панаваў у Албаніі, імкнуўся знішчыць веру, а сучасныя “дыктатуры” індывідуалізму, суперніцтва і разліку, спрабуюць знішчыць любоў. Перад абліччам ментальнасці гэтага свету ён заклікаў святароў захоўваць моцнай веру і падтрымліваць адно аднаго ў братэрскай еднасці. Францішак нагадаў, што эфектыўнасць евангелізацыі залежыць у многім ад такога супрацоўніцтва паміж касцёльнымі складаючымі, пры якім любоў да Хрыста ставіцца вышэй за ўсё.

Святы Айцец ведае, што праблем шмат, але вырашыць іх без падтрымкі Бога немагчыма. Таму, важнае значэнне ў жыцці рэлігійнай супольнасці павінна надавацца малітве. “Чым больш місія нас кліча ісці на экзістэнцыяльныя перыферыі, тым больш наша сэрца адчувае патрэбу ў адзінстве з сэрцам Хрыста, поўным міласэрнасці і любові”, - сказаў ён.

Звяртаючыся да семінарыстаў, Францішак заклікаў іх не шкадаваць часу на адукацыю і паглыбленне веры, але пры гэтым памятаць, што “людзі, больш чым настаўнікаў, шукаюць сведкаў: пакорных сведкаў міласэрнасці і пяшчоты Бога, святароў і законнікаў падобных на Езуса, Добрага Пастыра, здольных перадаваць любоў Хрыста”.

У сваёй спантаннай прамове Пантыфік звярнуўся да прыкладу мучанікаў албанскага камуністычнага рэжыму. Ён параўнаў іх сітуацыю да гісторыі св. Пятра, якога кінулі ў вязніцу і за якога маліўся ўвесь Касцёл. Дзякуючы гэтаму, апостал атрымаў свабоду. Так сталася і з Касцёлам у Албаніі, які у гэты час можа развівацца ў свабодзе. І перад каталіцкай супольнасцю стаяць сёння іншыя выклікі, несці збаўленне тым, хто знаходзіцца далёка ад Езуса, адзначыў Францішак.

Пасля сустрэчы з албанскім духавенствам, Папа накіраваўся ў апошні пункт свайго албанскага падарожжа – цэнтр для дзяцей-сірот “Бэтанія”. Каля 20.00 па мясцовым часе ён пакіне Албанію і накіруецца назад у Ватыкан.








All the contents on this site are copyrighted ©.