2014-09-21 12:01:22

Папа да кіраўніцтва Албаніі: трэба, каб глабалізацыі рынкаў адпавядала глабалізацыя салідарнасці


RealAudioMP3 Павага да правоў чалавека, уключаючы свабоду рэлігіі і свабоду слова, з’яўляецца неабходнай умовай для сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны, падкрэсліў Святы Айцец, гаворачы пра пераход да дэмакратыі, падчас сустрэчы 21 верасня 2014 г. у Тыране з прадстаўнікамі албанскіх уладаў. Францішак нагадаў, што Албанія з’яўляецца домам гераічных людзей, якія аддалі свае жыцці за незалежнасць, і мучанікаў, якія сведчылі аб сваёй веры ў гады пераследу. У гэтым кантэксце Святы Айцец заклікаў развіваць асаблівую атмасферу павагі і ўзаемнага даверу паміж католікамі, праваслаўнымі і мусульманамі, якія пражываюць у Албаніі. “Яна набывае асаблівае значэнне ў наш час, калі часткай экстрэмісцкіх груп скажаецца сапраўдны сэнс рэлігіі і парушаюцца і інструменталізуюцца адрозненні паміж рэлігіямі, што робіць іх небяспечным фактарам канфлікту і насілля”, - сказаў Пантыфік да сабраных у Прэзідэнцкім палацы.

“Няхай ніхто не думае, што ён можа прыкрывацца Богам, калі плануе і здзяйсняе акты насілля і пераслед! Няхай ніхто не выкарыстоўвае рэлігію ў якасці падставы для сваіх дзеянняў, якія супярэчаць прынцыпам годнасці чалавека і яго асноўных правоў, у першую чаргу права ўсіх да жыцця і свабоды веравызнання”, - падкрэсліў Францішак. Ён адзначыў, што албанскі вопыт паказвае, што мірнае і плённае суіснаванне паміж людзьмі і рэлігійнымі супольнасцямі не толькі пажадана, але і магчыма, і выканальна.

Папа адзначыў паспяховае развіццё місіі Касцёла ў апошнія гады. Яго прысутнасць і дзейнасць служаць усяму албанскаму народу. У той жа час, Святы Айцец адзначыў, што сёння ўзнікаюць новыя выклікі. І варта, каб глабалізацыі рынкаў адпавядала глабалізацыя салідарнасці, эканамічны рост суправаджаўся большай павагай да стварэння. Папа заклікаў да ўмацавання сям’і і запэўніў, што, як і 21 год таму св. Ян Павел II, ён даручае Марыі, Маці Добрай Рады, Албанію і яе жыхароў.







All the contents on this site are copyrighted ©.