2014-09-19 11:10:08

Час – тэма наступнага раўнду ватыканскай ініцыятывы


RealAudioMP3 Наступны “раўнд” дыялогу Святога Пасаду з няверуючымі будзе прысвечаны тэме часу і пройдзе ў канцы верасня. Пра гэта паведаміў старшыня Папскай рады па культуры, галоўнага арганізатара ініцыятывы “Падворак язычнікаў”, кардынал Джанфранка Равазі, 18 верасня 2014 г. у Ватыкане. У адрозненне ад касмічна арыентаваных рэлігій, у хрысціянства і юдаізма ёсць гістарычны адлік, таму тут з’яўляецца тэма часу. Паходжанне Бібліі і ўваскрасенне Езуса таксама з’яўляюцца часткай чалавечай гісторыі, звярнуў увагу іерарх. У Святым Пісанні час нават мае сваё акрэсленне – “дом Божы”.

Падзея адбудзецца 26-28 верасня ва ўніверсітэце Балонні, найстарэйшым універсітэце ў Еўропе, а таксама ў мясцовай базыліцы св. Пятронія. Сярод яго ўдзельнікаў будуць вядомыя італьянскія навукоўцы і прадстаўнікі свету культуры. Адным з пунктаў мерапрыемства стане першая публічная дэманстрацыя рукапісу Торы з ХІІ-га ст., які захоўваецца ў фондах універсітэцкай бібліятэкі.

Сустрэчы форуму “Падворак язычнікаў” праходзяць з мая 2011 г. у розных еўрапейскіх гарадах. Галоўная мэта ініцыятывы – уключыць вернікаў і няверуючых у дыялог. Натхняльнікам праекту стаў Бэнэдыкт XVI, які ў 2009 г. заявіў, што Каталіцкаму Касцёлу трэба “нешта накшталт Падворка язычнікаў”, які існаваў пры Ерузалемскім Храме і з’яўляўся самым першым узроўнем набліжэння да Бога. Першая сустрэча ў рамках ініцыятывы прайшла ў штаб-кватэры сусветнай культурнай арганізацыі ЮНЕСКА ў Парыжы. З 2011 г. спатканні прайшлі ў больш за 20 розных месцах, у тым ліку ў Асізі, Бухарэсце, Мехіка, Рыме і Берліне.







All the contents on this site are copyrighted ©.