2014-09-17 14:12:34

У Ватыкане агучылі падрабязнасці правядзення Сусветнай сустрэчы сем’яў


RealAudioMP3 Буйныя донары і бізнес-супольнасць дапамогуць у правядзенні Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі, якая пройдзе 22-27 верасня 2015 г. Акрамя таго, падтрымку ў арганізацыі аказваюць дзяржаўныя ўлады ЗША на ўсіх узроўнях і, канешне, Апостальская Сталіца, паведаміў 16 верасня 2014 г. на прэс-канферэнцыі ў Ватыкане арцыбіскуп Філадэльфііі Чарльз Чапут. Ён паінфармаваў аб выданні спецыяльнага катэхізісу, які дапаможа дыяцэзіяльным лідэрам, катэхетам, іншым зацікаўленым асобам у падрыхтоўцы вернікаў па ўсім свеце да сустрэчы ў наступным годзе. Тэкст быў распрацаваны Крыстаферам Робертсам з Філадэльфіі. Яму дапамагала група міжнародных экспертаў. Катэхізіс уключае “10 простых крокаў”: пачынаючы з мэты стварэння чалавека, праз прыроду сексуальнасці, сужэнства, важнасці нараджэння дзяцей, месца святарства і кансэкраванага жыцця ў экалогіі хрысціянскай супольнасці, да ролі Касцёла ў жыцці сучасных сем’яў.

Іерарх прадставіў таксама абраз, які стане сімвалам форума ў Філадэльфіі. На ім, побач са Святой Сям’ёй, бацькі Марыі – св. Яўхім і св. Ганна, што нагадвае пра неабходнасць сувязі пакаленняў.

Арцыбіскуп Чапут выказаў надзею, што папа Францішак наведае Сусветную сустрэчу сем’яў. Яе апекунамі будуць св. Ян Павел ІІ, які 20 гадоў таму заснаваў форум, і св. Джана Берэта Мола, прыклад хрысціянскай жонкі і маці. На думку амерыканскага іерарха, спатканне дасць магчымасць не толькі гаварыць аб праблемах сям’і, але і паказаць яе прыгажосць.







All the contents on this site are copyrighted ©.