2014-09-17 12:19:17

Пантыфік прыняў рашэнне адносна кананізацыйных і беатыфікацыйных спраў


RealAudioMP3 17 верасня 2014 г. падчас сустрэчы з кардыналам Анджэла Амата, прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, папа Францішак аўтарызаваў зацвярджэнне дэкрэтаў, якія тычацца прызнання цудаў, што адбыліся праз заступніцтва некалькіх кандыдытаў да кананізацыі і беатыфікацыі. Гаворка ідзе пра цуд, здзейснены праз заступніцтва благаслаўлёнай Марыі Крыстыны ад Беззаганнага Зачацця, заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр адкупленчай ахвяры Езуса Сакрамэнтальнага, якая нарадзілася ў італьянскім Неапалі 1 мая 1856 г. і памёрла ў Касорыі (Італія) 20 студзеня 1906 г.

Таксама Пантыфік аўтарызаваў зацвярджэнне цуду праз заступніцтва Слугі Божага арцыбіскупа Пія Альберта дэль Карона, дамініканіна, заснавальніка Кангрэгацыі сясцёр дамініканак Святога Духа, які нарадзіўся ў італьянскім Ліворна 5 ліпеня 1837 г. і памёр у Фларэнцыі (Італія) 15 жніўня 1912 г.

Акрамя таго, Папа прыняў рашэнне аўтарызаваць зацвярджэнне Кангрэгацыяй па справах Кананізацыі цуду, здзейсненага праз заступніцтва Слугі Божай Марыі Элізабеты Тургеон, заснавальніцы Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Ружанцовай, якая нарадзілася ў канадскім Бамон 7 лютага 1840 г. і памёрла ў Рымускі (Канада) 17 жніўня 1881 г.

Францішак падтрымаў меркаванне звычайнай сесіі кардыналаў і біскупаў на карысць кананізацыі благаслаўлёнага кс. Юзафа Ваза, заснавальніка Араторыя Святога Крыжа Цудаў у горадзе Гоа, які нарадзіўся ў Індыі 21 красавіка 1651 г. і памёр у Шры-Ланцы 16 студзеня 1711 г.

Святы Айцец вырашыў склікаць у бліжэйшы час кансісторый для кананізацыі благаслаўлёнага Юзафа Ваза і Марыі Крыстыны ад Беззаганнага Зачацця.







All the contents on this site are copyrighted ©.