2014-09-17 14:53:28

Кардыналы абмеркавалі ў Ватыкане актуальныя праблемы Касцёла і працу дыкастэрый


RealAudioMP3 Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам закончыць сваё шостае пасяджэнне вечарам 17 верасня 2014 г. На працягу трох апошніх дзён яе члены абмяркоўвалі актуальныя праблемы Касцёла і ватыканскіх дыкастэрый, аб чым распавёў журналістам кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Пурпураты размаўлялі аб ролі свецкіх вернікаў у Касцёле. Гаворка ішла пра праблемы моладзі, дзяцей, свецкіх рухаў і асацыяцый, месца жанчын ў жыцці Касцёла і грамадства. Іншыя тэмы былі звязаны з пытаннямі справядлівасці і міру, дабрачыннасцю, праблемамі мігрантаў і бежанцаў, аховай здароўя, экалогіяй і абаронай чалавечага жыцця. “Як бачна, гаворка ідзе пра даволі шырокі спектр пытанняў, якія належаць да кампетэнцыі адпаведных Папскіх радаў, а таксама пра каардынаваны і ўсебаковы адказ на іх”, - падкрэсліў кс. Ламбардзі.

Святар нагадаў, што падчас папярэдніх сустрэч Рады кардыналаў у цэнтры ўвагі была эканамічная сітуацыя Святога Пасаду і дзейнасць дыкастэрый, звязаных з гэтай сферай. “Сёння гэту тэму можна лічыць практычна закрытай, пасля таго, як будзе створаны статут Рады па эканамічных пытаннях. Ліпеньская прэс-канферэнцыя кардынала Пэла паставіла кропку ў размове аб выніках гэтай працы і аб пачатку дзейнасці новых структур”, - сказаў ён. Распрацоўка статута новай ватыканскай эканамічнай установы – працягваецца. Паводле кс. Ламбардзі, ужо быў сфармулаваны і абмеркаваны чарнавы варыянт яго ўводнай часткі.

Кіраўнік Залы Друку распавёў, што 4-5 кастрычніка 2014 г. адбудзецца чарговае пасяджэнне Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, а 22-24 верасня 2014 г. – першае пасяджэнне камісіі па ватыканскіх СМІ.

Наступныя пасяджэнні Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам адбудуццца 9-11 снежня 2014 г. і 9-11 лютага 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.