2014-09-16 11:54:56

Шры-Ланка: прымірэнне – галоўная тэма візіту Пантыфіка


RealAudioMP3 “Заставайцеся ў Маёй любові” – гэтыя словы з Евангелля паводле св. Яна будуць дэвізам падарожжа Святога Айца ў Шры-Ланку, якое адбудзецца 13-15 студзеня 2015 г., распавёў агенцтву “Fides” кардынал Малькольм Ранжыт, арцыбіскуп Каломба. На думку пурпурата, папа Францішак кожным сваім словам і жэстам заклікае заставацца ў любові Бога і несці яе бліжнім. “Мы вельмі рады будучай прысутнасці Святога Айца на нашай зямлі. Гэта вялікі гонар і падтрымка для Касцёла ў Шры-Ланцы. Падрыхтоўка да візіту працягваецца без перашкодаў, як на духоўным узроўні, так і на арганізацыйным. Мы чакаем яго з радасцю і сустрэнем як найдаражэйшага госця”, - сказаў кардынал Ранжыт.

Паводле пурпурата, адной з цэнтральных тэмаў падарожжа папы Францішка будзе прымірэнне, ведзь на працягу доўгага перыяду, з 1983 г. па 2009 г. у краіне трывала грамадзянская вайна, якая ўнесла каля 80 тыс. жыццяў. “У Шры-Ланцы мы перажываем перыяд, калі Касцёл пакліканы быць носьбітам паслання супакою, любові і згоды”, - сказаў ён. Запланаваны візіт Святога Айца ў марыйны санктуарый у Мадху, які знаходзіцца на тэрыторыі населенай аднымі з удзельнікаў братазабойчага канфлікту – таміламі, – жадае падкрэсліць менавіта неабходнасць прымірэння. “Мы прайшлі і перажылі сумную эпоху, пазначаную вайной. Зараз спрабуем залячыць раны і аднавіць дух братэрства і мірнага суіснавання. Гэты шлях нялёгкі і поўны перашкодаў, але прысутнасць Папы будзе моцным стымулам, каб працягваць ісці шляхам прымірэння”, - сказаў кардынал Ранжыт.

Пурпурат выказаў спадзяванне, што падчас візіту Святога Айца на востраў адбудзецца кананізацыя благаслаўлёнага місіянера Джозэфа Ваза – “стаўпа Касцёла ў Шры-Ланцы”, дзякуючы дбайнай працы якога мясцовыя каталіцкія супольнасці перажылі цяжкі перыяд пераследу.








All the contents on this site are copyrighted ©.