2014-09-15 16:45:26

Рада кардыналаў сабралася ў Ватыкане


RealAudioMP3 Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэфармавання Рымскай Курыі пачала сваё шостае пасяджэнне, якое пройдзе 15-17 верасня 2014 г. На працягу трох бліжэйшых дзён пурпураты будуць абмяркоўваць актуальныя праблемы Каталіцкага Касцёла і ватыканскіх установаў. Як і падчас апошняга пасяджэння, якое праходзіла 1-4 ліпеня, будуць разглядацца адносіны паміж дыкастэрыямі і Святым Айцом, пытанні каардынацыі дзейнасці паміж дыкастэрыямі, функцыі Дзяржсакратарыяту і іншае.

Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам была створана Пантыфікам 28 верасня 2013 г. Першапачаткова яе склад ўваходзілі восем пурпуратаў, але ў ліпені 2014 г. да іх далучыўся кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца. Члены Рады не з’яўляюцца “кантынентальнымі дэлегатамі”, але людзьмі, якія добра ведаюць аб рэальных праблемах Касцёла ў розных частках свету і карыстаюцца вялікім даверам і асаблівай павагай з боку Папы.

Пасяджэнні Рады па традыцыі праходзяць у Доме св. Марты, у якім стала пражывае Пантыфік і спыняюцца многія кардыналы, якія прыбываюць у Рым. Святы Айцец звычайна прысутнічае на пасяджэннях гэтага органа, але пераважна ў якасці слухача. Мэта працы Рады заключаецца не толькі ў абмеркаванні арганізацыйных праблем, але тэалагічнага і духоўнага бачання Касцёла, перспектыў Касцёла, вызначаных на апошнім Саборы і спосабаў іх дасягнення.








All the contents on this site are copyrighted ©.