2014-09-13 12:56:10

Францішак наведаў мемарыял у памяць аб ахвярах І Сусветнай вайны


RealAudioMP3 13 верасня 2014 г. папа Францішак здзейсніў кароткі візіт у мястэчка Рэдзіпулья, якое знаходзіцца на поўначы Італіі, каля самай мяжы са Славеніяй. Падчас І Сусветнай вайны тут праходзіла лінія фронту. У траншэях, па розныя бакі, знаходзіліся салдаты аўстра-венгерскай і італьянскай армій. Буйныя і крывавыя сутыкненні паміж імі, працягваліся амаль на працягу ўсяго канфлікту, з 1915 г. па 1917 г. З таго часу, пад Рэдзіпульяй спачываюць каля 100 тыс. загінуўшых у “бессэнсоўнай бойні” векавой даўніны, а імёны каля 60 тыс. з іх – невядомыя.

Каля 8.30 раніцы, папа Францішак прыбыў у аэрапорт Ронкі-дэі-Леджанары, дзе быў сустрэты арцыбіскупам Гарыцыі Карлам Рабэрта Марыяй Рэдаэлі і прэм’ер-міністрам Італіі Матэа Рэнцы. Пасля кароткай прывітальнай цырымоніі Святы Айцец накіраваўся на мясцовыя аўстра-венгерскія могілкі. Тут ён усклаў кветочны вянок і памаліўся ў цішыні за ахвяраў войнаў і аб міры на планеце. Для перамяшчэння Пантыфік не выкарыстоўваў “папа-мабіль”, каб захаваць малітоўны характар сваёй пілігрымкі.

Пасля візіту на могілкі, Францішак накіраваўся на тэрыторыю вялізарнага мемарыяльнага комплексу, пабудаванага ў 1938 г., у памяць аб італьянскіх салдатах, загінуўшых падчас І Сусветнай вайны. Тут ён узначаліў Эўхарыстыю і малітву аб міры.

Яшчэ ў 1992 г. мемарыяльны комплекс у Рэдзіпулье наведваў св. Ян Павел ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.