2014-09-12 13:59:54

Папа да біблістаў: дыялог з Панам неабходны для разумення Божага слова


RealAudioMP3 12 верасня 2014 г. папа Францішак сустрэўся з членамі Італьянскай біблійнай асацыяцыі, з нагоды заканчэння 43-га Нацыянальнага біблійнага тыдня. Гэтым мерапрыемствам яны пачалі святкаванне 50-годдзя дагматычнай канстытуцыі пра Божае Аб’яўленне “Dei Verbum”, прынятай падчас ІІ Ватыканскага Сабора, 18 лістапада 1965 г. Папа заклікаў быць "удзячнымі за адкрыцці, падараваныя Саборам, якія тычацца даступнасці Святога Пісання”. “Хрысціян іх патрабуе сёння больш чым ніколі, заклапочаны супярэчлівымі культурнымі правакацыямі”, - сказаў ён і дадаў, што вера, “каб не згаснуць, заўсёды павінна насычацца Божым словам”.

Святы Айцец адзначыў важнасць біблійнай экзэгетыкі для Народа Божага. “Біблійная экзэгетыка набывае ў Касцёле і свеце, неад’емнае значэнне. Яе прыніжэнне для разумення Бібліі – азначае ілюзію і дэманструе недахоп павагі да натхнёнага Пісання. Каб прамаўляць да людзей, яшчэ з часоў Старога Запавету, Бог выкарыстоўваў усе магчымасці чалавечай мовы, але ў той жа час павінен быў падпарадкаваць сваё слова усім абумоўленасцям гэтай мовы. Сапраўдная павага да натхнёнага Пісання патрабуе прыкладання неабходных намаганняў для таго, каб яго сэнс быў добра зразуметы”, а гэта заданне даверана экзэгетам, нагадаў Францішак словы аднаго з дакументаў Папскай Біблійнай камісіі.

Таксама і св. Ян Павел ІІ сцвярджаў, што каталіцкая экзэгетыка павінна “дапамагаць хрысціянскаму народу як мага ясней разумець слова Божае ў гэтых тэкстах”. Гэта можа адбыцца, калі сам экзэгет здольны ўбачыць у іх слова Божае, што, у сваю чаргу, магчыма, калі яго духоўнае жыццё багатае на дыялог з Панам. Ад экзэгетаў, паводле Святога Айца, патрабуецца навуковая кампетэнцыя, але “перадусім вера, атрыманае і падзеленая з усім веруючым народам, які ў сваёй паўнаце не можа памыляцца”.

Яшчэ раз цытуючы св. Яна Паўла ІІ Пантыфік параіў: “Для дасягнення па-сапраўднаму годнай інтэрпрытацыі словаў, натхнёных Святым Духам, мы самі павінны кіравацца Святым Духам, а для гэтага неабходна маліцца, маліцца шмат, прасіць аб любові – толькі яна можа зрабіць здольнымі разумець мову Бога, які з’яўляецца любоўю”. Францішак заклікаў біблістаў углядацца ў прыклад Панны Марыі, якая вучыць цалкам прымаць Божае слова, не толькі праз інтэлектуальны пошук, але праз усё жыццё.








All the contents on this site are copyrighted ©.