2014-09-11 11:04:37

Святы Пасад: спыніць маўчанне аб ганебнай язве сучаснага рабства


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца заклікае спыніць маўчанне аб ганебнай язве сучаснага рабства. Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, арцыбіскуп Сільвана Тамазі, выступаючы на 27-й сесіі Рады па правах чалавека, звярнуў увагу на неадкладнасць вырашэння менавіта гэтай праблемы. Ватыканскі дыпламат нагадаў міжнароднай супольнасці пра “шакуючыя формы сучаснага рабства”, якія сёння існуюць у свеце. На яго думку, тэрмінова трэба адказаць на новы выклік: масавыя выкраданні і гандль дзяўчынамі, які ажыцяўляецца ісламскімі тэрарыстамі у Нігерыі і Іраку. Каля 250 тыс. дзяцей прымушаны да ўдзелу ў баявых дзеяннях і выкарыстоўваюцца ў якасці “жывога шчыта” у першых лініях узброеных канфліктаў. Яшчэ каля 5,7 млн. дзяцей прымушаюцца да працы ці недобраахвотных сужэнстваў. Усё гэта, паводле арцыбіскупа Тамазі, з’яўляецца “адкрытай ранай на целе грамадства”.

На думку прадстаўніка Апостальскай Сталіцы, каб супрацьстаяць падобным злоўжыванням і злачынствам неабходна павялічыць намаганні ў барацьбе з беднасцю, беспрацоўем і неадукаванасцю. “Міжнародная супольнасць ужо развіла і спрабуе рэалізоўваць шматлікія канвенцыі і міжнародныя пагадненні супраць сучасных формаў рабства”, але Святы Пасад лічыць, “што гэтыя прылады не цалкам адпавядаюць сваім мэтам, калі адначасова не натхняюцца больш шырокай палітычнай воляй і ўдзелам усіх членаў грамадства”, сказаў ён.

Арцыбіскуп Тамазі нагадаў пра шматлікія парушэнні правоў чалавека ў зонах ваенных дзеянняў і заклікаў міжнародную супольнасць адказваць на іх “не толькі словамі”, але таксама “пакладаючы канец” гэтым канфліктам і “злачынствам супраць чалавецтва”. Не засталася па-за ўвагай ватыканскага дыпламата і праблема пераследу па рэлігійных матывах ў розных частках планеты.








All the contents on this site are copyrighted ©.