2014-09-08 11:58:15

Сужэнскія пары прымуць удзел у бліжэйшай сесіі Сінода Біскупаў


RealAudioMP3 У ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў Ватыкане 5-19 кастрычніка 2014 г. на тэму душпастысркіх выклікаў звязаных з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі, прымуць удзел не толькі іерархі і эксперты ў сацыяльных навуках, але і сужэнскія пары. Пра гэта паведаміў у інтэрв’ю інтэрнэт-парталу “Vatican Insider” старшыня Папскай рады па справах сям’і, арцыбіскуп Вінчэнца Палья. “На працягу бліжэйшых дзён будзе апублікаваны спіс удзельнікаў. Гаворка ідзе пра надзвычайны Сінод, таму колькасна, ён будзе больш сціплы за звычайныя. Але без сумніваў, на ім, належным чынам, будуць прысутнічаць сужэнскія пары – мужчыны і жанчыны пакліканыя ўнесці ў дэбаты аб сям’і свой спецыфічны ўклад, як сужонкі і бацькі. На мой погляд гэта вельмі правільна, што ў сэрцы Касцёла будуць непасрэдна выслуханы галасы тых, хто жыве надзеямі, трывогамі і праблемамі сем’яў сёння”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Арцыбіскуп Палья нагадаў, што 28 верасня 2014 г. было абвешчана днём малітвы ў інтэнцыі будучага Сінода. У гэты дзень папа Францішак будзе маліцца за сем’і, а затым, упершыню правядзе вялікую сустрэчу з пажылымі людзьмі. “Такім чынам Францішак жадае паказаць важнасць сям’і ва ўсіх яе сувязях. Для грамадства фундаментальным з’яўляецца тое, каб сям’я зноў разглядалася ва ўсім сваім багацці адносінаў: паміж пажылымі, бацькамі, дзецьмі, унукамі. Мы не можам дазволіць сябе згубіць вялізарны скарб, які ўяўляюць сабой пажылыя людзі”, - падкрэсліў старшыня Папскай рады па справах сям’і.

Мерапрыемствы, якія адбудуцца 28 верасня, на яго думку, павінны стаць сігналам не толькі для хрысціянскай супольнасці, але і для грамадскай. Неабходна звярнуць максімальную увагу на пажылых людзей, каб яны не проста мелі доўгія гады жыцця ў адзіноце, але ўзбагачаліся любоўю. “Я лічу гэта адной з геніяльных рысаў папы Францішка: за тыдзень да адкрыцця Сінода звярнуць увагу на тэму сям’і праз тых, хто рызыкуе быць выкінутым на ўзбочыну”, - сказаў арцыбіскуп Палья.








All the contents on this site are copyrighted ©.